4 гады таму бярозаўскі грамадскі актывіст Вітольд Ашурак выйшаў з плакатам “Шкловата – наш Чарнобыль”. Пра гэта прыгадаў яго сябра і журналіст Юрась Дзяшук:

“Грабавыя”

У 90-я і да канца 2000-х гадоў у Бярозаўцы часта можна было пачуць гэтае страшнае слова ў размовах простых людзей. У суседніх Лідзе і Наваградку такога слова не ведалі, бо атрутная пляма ў красавіку 1986 года прыляцела з Чарнобыля і лягла акурат паміж імі ў раёне Бярозаўкі-Іўя. І прынесла ў бярозаўскую лексіку гэтае страшнае слова. Пад “грабавымі” меліся на ўвазе і выплаты, і пэўныя ільготы, і гуманітарная дапамога з Еўропы і ЗША, і арганізаваныя рэгулярныя аздараўленчыя паездкі ў краіны Еўропы і за акіян, куды з’ездзілі не адзін дзясятак маіх сябрукоў ды знаёмых: Друскенікі, Ялта, Сочы, Азоў, Германія, Бельгія, Англія, Італія, ЗША і г. д…

З прыходам узурпатара і з укараненнем яго дыктатуры “грабавыя” выплаты і ільготы ў Бярозаўцы пачалі з кожным годам знікаць адна за адной. Нібыта ўсё ачысцілася само сабою. Але і захворванне на анкалогію ў Бярозаўцы па-ранейшаму высокае, і грыбы з ягадамі з навакольных лясоў ў прыёмшчыкаў чамусьці па-ранейшаму фаняць больш, чым дзе.

А ў сярэдзіне 2010-х у дадатак да ўсяго рэжым яшчэ пасярод Бярозаўкі паставіў свой лакальны “чарнобыль” – цэх вытворчасці шкловаты, які 24/7 фаніць навокал не нябачным цэзіем і стронцыем, а смуроднымі аміякам і фармальдэгідамі. Пра Астравецкую АЭС на тэктанічным разломе, да якой ад Бярозаўкі меньш, чым ад Чарнобыля да Гомеля, я маўчу.

А на фота – плакат, які зрабіў Вітольд і з якім ён выйшаў 4 гады таму 26 красавіка 2020 года ў свой апошні публічны адзіночны пікет ў Бярозаўцы. Каб бараніць жыхароў горада ад гэтай атруты”.