Паважаны Cпадар Галоўны Рэдактар! Прачытаўшы Ваш фельетон „Словы памяці, сэрца і душы” („Ніва”, № 46 ад 14 лістапада 2021 г.), хачу падзякаваць за ролю захавальніка памяці Віктара Шведа, якую вы мне прыпісваеце. Аднак апрача „Нівы” кола людзей, арганізацый, устаноў, сродкаў масавай інфармацыі, якія заслугоўваюць такіх тэрмінаў, значна шырэйшае. Адна з іх — Падляшская ксёнжніца імя Лукаша Гурніцкага ў Беластоку, якая 3 лістапада 2021 года ў рамках цыкла „Літаратурныя серады” выступіла ініцыятарам і арганізатарам сустрэчы, прысвечанай Віктарy. У дадзеным выпадку слоў падзякі заслугоўвае Ксёнжніца, a не я. Сустрэча была арганізавана па ініцыятыве самой бібліятэкі, а не маёй.
Гэтае мерапрыемства асабіста для мяне і, думаю, таксама для аматараў творчасці Віктара Шведа, мае вялікую каштоўнасць, тым больш што Віктар цаніў сустрэчы ў Ксёнжніцы. Ён выказаў гэта ў сваіх успамінах „З горада ў Мора” і „Літаратурным серадам” прысвяціў цэлы раздзел. З моманту запуску цыкла ў 2008 годзе праз многія гады ён пастаянна наведваў „Літаратурныя серады” разам з іншымі прыхільнікамі літаратуры. Ва ўспамінах адзначыў таксама, як важнай справай з’яўляецца ўключэнне беларускіх аўтараў у гэты цыкл. Напісаў не толькі пра сваю сустрэчу, якая адбылася 18 сакавіка 2009 года, але таксама пра сустрэчы з Уладзімірам Саўчуком, Васілём Петручуком, Mірай Лукшай, Віктaрам Стахвюком, Міхасём Андрасюком і пра прамоцыю кніжкі Юркі Геніюша „Смыком па сэрцы”. Не забыў таксама пра беларусаў з-за мяжы — Юрку Голуба, Віктара Сазонава і Віктара Шалкевіча. Спасылаючыся на вышэйсказанае, я прашу Bас выправіць відавочную памылку, каб арганізатары сустрэчы не думалі, што я пераняла ў іх ініцыятыву. Яшчэ хачу дадаць, што выданне кнігі „Na deszcz wyszły parasole” таксама з’яўляецца ініцыятывай Ксёнжніцы.
З пашанай — Вялянціна Швед. Беласток, 12 лістапада 2021 г.
Пані Валя! Вельмі дзякую за Ваш водгук і папаўненне майго фельетона інфармацыяй пра ролю Падляшскай ксёнжніцы ў арганізаванні сустрэч з беларускімі пісьменнікамі. Хачу толькі дзеля аб’ектыўнай рэальнасці паясніць Вам, што ў „Ніве” № 46 ад 14 лістапада 2021 г. разам з фельетонам, які мае абмежаваную колькасць знакаў, планаваўся значна шырэйшы фотарэпартаж нашай журналісткі. І там мела быць апісанне толькі гэтай падзеі з усімі яе падрабязнасцямі. Аднак па незалежных ад нас прычынах — з-за нечаканай і вельмі цяжкай хваробы аўтаркі ў дзень здачы газеты ў друк, не мог ён з’явіцца на нашых старонках. Аднак запэўніваю Вас, што калі аўтарка паздаравее, яе распачаты тэкст будзе завершаны і хаця са спазненнем, але пабачыць свет. Так мы з ёй дамовіліся. Таму ў маім фельетоне была толькі невялікая згадка наступнага кшталту. «Маглі мы аб гэтым пераканацца ў час вечарыны ў Падляшскай ксёнжніцы, дзе сустрэліся ў задушны перыяд успомніць адышоўшага класіка беларускай і польскай літаратур. (…) Дзякую за гэтую сустрэчу перш за ўсё нястомнай ініцыятарцы падзеі — Валянціне Швед, удаве па нашым класіку, якая цягам супольнага іхняга жыцця стала ахоўніцай і збіральніцай усёй ягонай літаратурнай і публіцыстычнай спадчыны. І далей, як гаворыць спадарыня Валя, перад ёю шмат працы і тэматычных удакладненняў».
І дзеля папаўнення вельмі душэўнай атмасферы ўспамінаў у Падляшскай ксёнжніцы, прысвечанай Віктару Шведу, хачу прыгадаць два сказы з майго ўступу «Вечнае мора памяці» да ягонай кнігі «З горада ў Мора», выдадзенай нашай рэдакцыяй: «З дзяцінства з прыстані роднай вёскі Мора даплыў і прычаліў да вечнага мора чалавечага і еўрапейскага гуманізму.(….) Дзякуючы яму наш беларускі, родны схоў напоўнены для вечнасці багаццем Падляшскага краю».
Яўген Вапа