Каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на лістапад 2021 году

1 лістапада
У лацінскім абрадзе сьвята Усіх Сьвятых.
20 гадоў таму (2001) – У Слоніме памёр Мікалай Варвашэвіч, беларускі тэатральны рэжысёр, заснавальнік Слонімскага беларускага драматычнага тэатру. Пахаваны ў Сьвіслачы.
2 лістапада
Дзяды, дзень памінаньня памерлых.
5 лістапада
445 гадоў таму (1576) – Кароль Стафан Баторы пацьвердзіў Гародні ўсе прывілеі.
10 лістапада
110 гадоў таму (1911) – У в. Нёман (Мастоўскі р-н) нарадзіўся Станіслаў Сьвірка, беларуска-польскі літаратуразнавец, фальклярыст.
100 гадоў таму (1921) – У Смургонях нарадзіўся Віктар Роўда, беларускі харавы дырыжор, педагог.
5 гадоў таму (2016) – У Гародні памёр Тамаш Тамашэвіч, філолаг, даследнік беларускай мовы. Пахаваны на могілках у Аульсе.
12 лістапада
365 гадоў таму (1656) – Памёр Альбрыхт Станіслаў Радзівіл, магнат ВКЛ, дзяржаўны дзеяч, гісторык, мемуарыст. Валодаў маёнткамі Нягневічы, Налібокі (Наваградзкі р-н), Геранёны (Івейскі р-н).
20 гадоў таму (2001) – Вышэйшым гаспадарчым судом Рэспублікі Беларусь зачынена газета “Пагоня”. Пазьней галоўны рэдактар газеты Мікола Маркевіч і журналіст Павал Мажэйка асуджаны на два гады спецпасяленьня паводле крымінальнай справы за “паклёп на прэзідэнта”.
13 лістапада
130 гадоў таму (1891) – У в. Руднікі (цяпер Пружанскі р-н) нарадзіўся Іван Саланевіч, спартовец, публіцыст, выдавец. Заснаваньнік у Гародні спартовага таварыства “Сокал”.
16 лістапада
Дзень Маці Божай Вострабрамскай – апякункі Беларусі.
17 лістапада
115 гадоў таму (1906) – У в. Гібінята (Ашмянскі пав., цяпер Валожынскі р-н) нарадзіўся Янка Багдановіч, беларускі пісьменьнік, мемуарыст, вязень савецкіх канцлягероў. Выхоўваўся ў Барунскім дзіцячым прытулку.
19 лістапада
25 гадоў таму (1996) – З станцыі Яцукі (Дзятлаўскі р-н) адпраўлены эшалён з апошняй ракетай “Тополь”. Беларусь стала бязьядзернай дзяржавай.
23 лістапада
155 гадоў таму (1866) – У Кракаве памёр Адам Кіркор, беларуска-польскі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, грамадзкі дзеяч.
26 лістапада
130 гадоў таму (1891) – У в. Арляняты (Смургонскі р-н) нарадзіўся Янка Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, мовазнавец, гісторык, перакладнік, выдавец, публіцыст, педагог, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША).
27 лістапада
100 гадоў таму (1921) – У в. Клешнякі (Шчучынскі р-н) нарадзіўся Уладзімер Тарасевіч, рэлігійны і грамадзкі дзеяч беларускага замежжа (ЗША).
29 лістапада
195 гадоў таму (1826) – У Вільні памёр Вікенці Герберскі (нар. у Слоніме у 1784 г.), медык і педагог.
60 гадоў таму (1961) – У Гародні ўзарваны і зьнішчаны касьцёл Фара Вітаўта.
30 лістапада
50 гадоў таму (1971) – Памёр Уладзімір Корбан, беларускі пісьменьнік, байкапісец, перакладнік. У 1946-48 гг. жыў і працаваў ў Лідзе.
30 гадоў таму (1991) – У в. Мядзьведзічы (Ляхавіцкі р-н) памёр Вацлаў Пянткоўскі, каталіцкі сьвятар, асьветнік. Перад другой сусьветнай вайной служыў прэфектам наваградзкай гімназіі.
