Зняволены журналіст Дзяніс Івашын ужо 250 дзён знаходзіцца за кратамі гарадзенскай турмы. Пры тым палітвязень ужо 64 дні не атрымлівае лістоў.

Жонка Дзяніса Вольга Івашына працягвае змаганне за правы свайго мужа і накіроўвае чарговыя звароты і лісты розным структурам. Яна піша ў акаўнце сацыяльнай сеткі наступнае: “Нарэшце сёньня з пошты супрацоўнікі вязьніцы забралі абедзьве нашыя пасылкі Дзянісу Івашыну, адна зь якіх, паводле сэрвісу адсочваньня пасылак, правалялася там з 3-га лістапада амаль 2 тыдні. Спадзяюся, што і адрасат тыя пасылкі сёньня ж атрымаў. Прычына такой затрымкі пакуль дакладна невядомая. Дасланыя лісты дагэтуль ляжаць на пошце дастаўкі, высьвятляем сытуацыю далей”.

У звароце-патрабаванні спаткання з мужам Вольга Івашына напісала начальніку СА УКДБ па Гарадзенскай вобласьці наступнае:
“За час незаконнага арышту Дзяніса Івашына, ягоныя бацькі перажылі складаныя апэрацыі, у Дзяніса памерла бабуля і ўрэшце, у яго самога здарыўся сардэчны прыступ праз перабываньне ў нялюдзкіх умовах палону. Аднак нішто з гэтага, на думку грамадзяніна Лаўрэнчука падставай для спатканьня не зьявілася. Хацелася б у такім выпадку даведацца, што ён такой падставай лічыць? Можа быць справа ў тым, што Дзяніс Івашын, з Вашых словаў бацькам Дзяніса, адмаўляецца “супрацоўнічаць зь сьледзтвам”, што фактычна азначае прызнаньне таго, у чым Ваш адзьдзел яго абвінавачвае? Т.б. дзеля таго, каб ст. сьледчы Лаўрэнчук убачыў “падставу для спатканьня”, мой муж мае абгаварыць сябе? Такая афіцыйная пазыцыя прадстаўніка сьледчага воргана РБ?”
Але ўцямнагf адказу на гэтыя пытаньні, як вынікае з перапіскі няма. Ніжэй падаем зварот і адказы на звароты Вольгі Івашынай, а таксама маці Дзяніса Людмілы Івашынай.