Суды ў Беларусі ўсё больш пераўтвараюцца ў месцы расправы з іншадумцамі. Часам прысуды па крымінальных справах набываюць характар абсурду.

Магніт на лядоўні прызналі доказам па справе аб удзеле ў «Маршы адзінства». За гэта гарадзенка засуджана да двух гадоў так званай «хатняй хіміі».

17 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гародні абвесціў прысуд па справе 52-гадовай Валянціны Будрэвіч — жанчыну звінавацілі ва ўдзеле ў «счэпцы» падчас «Маршу адзінства» 6 верасня мінулага года.

Падчас ператрусу ў доме Валянціны супрацоўнікі міліцыі знайшлі адзенне, у якім падсудная была 6 верасня мінулага года, і магніт з гербам «Пагоня», які відавочна вельмі зацікавіў бок абвінавачвання — адзенне і магніт прызналі доказамі па справе.

Падчас суда жанчына пацвердзіла, што на тым самім Маршы яна сапраўды была, але сваю віну прызнала толькі часткова. Валянціна настойвае, што ніякай папярэдняй змовы ў яе дзеяннях не было. Гэтак жа, як і непадпарадкавання міліцыі і заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў з яе боку.