Гарадзенка Галіна Гарацкевіч у ліку трох іншых чалавек прызнана праваабарончай супольнасцю палітвязнем.
Напомнім, што Галіну Гарацкевіч судзілі разам з маці Алай Гарацкевіч і яшчэ адной гарадзенкай Ганнай Мароз. Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Гародні Максім Галубовіч прызнаў усіх вінаватымі.
16 жніўня 2021 года Галіна Гарацкевіч была засуджаная судом Кастрычніцкага раёна Гародні паводле артыкулаў 342 і 364 КК за ўдзел у мірным сходзе і супраціў гвалту пры яго разгоне да трох гадоў абмежавання волі ў ПУАТ, накіраваная адбываць пакаранне.
Праваабаронцы ў адмысловай заяве адзначаюць наступнае:
“Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “ў адказ” з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю і намеру на нанясенне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, крайняя неабходнасць).
Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі…
Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у адносінах да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні згаданых фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
“Прававая ініцыятыва”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт.