Два гады «хатняй хіміі» за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прысудзілі гарадзенцы Дар’і Давідовіч. Гарадзенцаў працягваюць судзіць за ўдзел у леташнім «Маршы адзінства»

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў крымінальную справу 28-гадовай бухгалтаркі Дар’і Давідовіч. Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў «Маршы адзінства» 6 верасня мінулага года паводле ч. 1 арт. 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

Згодна з абвінавачваннем, дзяўчына стала ў «счэпку» з іншымі ўдзельнікамі маршу і «натхняла сваімі паводзінамі навакольных удзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Сама Дар’я на судзе віну прызнала і расказала, што вырашыла ўзяць удзел у акцыі, каб выказаць пратэст супраць гвалту, які ўжывалі супрацоўнікі міліцыі пасля так званых выбараў.