Рок-музыканта Ігара Банцэра выпусцілі са штрафнога ізалятару пасля 20 дзён пакарання. Цяпер музыку чакае новы суд. Ён расказаў «Свабодзе» пра стан здароўя, суд наперадзе і магчымы дзень свайго выхаду на волю.

Ігар Банцэр адбываў частку пакарання штрафным ізалятарам у горадзе Гарадок Віцебскай вобласці. Стала вядома, за што менавіта яго двойчы пакаралі за апошні час.

Як Ігар Банцэр расказаў Свабодзе, што першыя 10 дзён яму далі, бо адмовіўся выконваць патрабаванне адміністрацыі віцебскай «хіміі».

«Яны хацелі пасяліць мяне да чалавека з „нізкім статусам“. Я адмовіўся. Яны знарок так хацелі зрабіць перад маім пераводам на „зону“ (у калонію. — рэд.). Там я б не здолеў камунікаваць з „нармальнымі пацанамі“, стаў бы „адсаджаным на кубак“ (ізаляваным ад іншых вязняў паводле няпісанага турэмнага кодэксу. — рэд.). Перада мной у калонію паляцела б „малява“ (цыдулка. — рэд.) ад міліцыянтаў, што едзе чалавек з „нізкім статусам“. Але я на гэта не пайшоў», — патлумачыў Ігар Банцэр.

Другое пакаранне яму выпісалі за тое, што ляжаў, а не сядзеў удзень на ложку, калі знаходзіўся на каранціне.

Палітвязень расказаў, што цяпер адчувае сябе кепска фізічна, бо ў штрафным ізалятары было вельмі холадна і бракавала ежы.

«У ШІЗА дубак, няма ацяплення. То-бок тэмпература амаль як на вуліцы, цяплей толькі ад таго, што надыхалі, і таму, што ветру няма. Пасцельную бялізну і матрац на ноч выдаюць. З ежай там кепска, яна бывала непадагрэтая, няма вітамінаў, не дазволены перадачы з волі, няма кіпяцільніка. Да таго ж я вегетарыянец, таму яшчэ менш калорый і энергіі. Пачаў есці рыбу», — расказвае зняволены.

24 лістапада Банцэра чакае новы суд у Віцебску, на якім разгледзяць ягоны перавод на больш жорсткі рэжым. Такі суд ужо прайшоў 29 верасня, тады прынялі рашэнне аб ягоным пераводзе з «хіміі» у калонію. Аднак пазней высветлілася, што паперы праз змены ў заканадаўстве аформілі няправільна (спаслаліся на 415 артыкул, які ўжо выключылі з Крымінальнага кодэксу). Таму цяпер правядуць новы суд.

Праз блытаніну ў дакументах цяпер не зусім зразумела, калі рок-музыкант мае выйсці на волю. 29 верасня яму прызначылі адбываць 55 дзён у калоніі агульнага рэжыму. Калі б ён увесь час пасля суду правёў у калоніі, то павінен быў бы выйсці на волю ў канцы лістапада. Частку пакарання Банцэр правёў у віцебскім СІЗА, дзе тэрмін ідзе ў паўтара раза хутчэй, то-бок гродзенец мог вызваліцца нават у пачатку лістапада. Чаму вязень яшчэ застаецца за кратамі, незразумела.

Калі выявілі памылку ў дакументах, Банцэра вярнулі на «хімію», а адтуль накіравалі ў штрафны ізалятар у Гарадок. Цяпер ён зноў на «хіміі», чакае суду. Супрацоўніца «хіміі» вусна паведаміла Банцэру, што тэрмін ягонага зняволення скончыцца сёлета 17 снежня.

Ігар Банцэр — актывіст і музыка з Горадні. Яго затрымалі летась у кастрычніку. За гэты час ён двойчы галадаваў на знак пратэсту: 16 дзён без ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на халоднай вадзе ў жніўні. Ад гэтага ягонае здароўе моцна пагоршылася. Да таго ж пасля турмы ў яго выявілі гепатыт С. Ён лічыць, што яму неабходна медычнае абследаванне і лячэнне ў шпіталі.