Тое, што адбываецца зараз у Беларусі, мае дастаткова лагічнае тлумачэнне і вынікае з нядаўняга мінулага нашай гісторыі. Мы, беларусы, прайгралі сваю свабоду не летась, у 2020 годзе, а яшчэ ў 1995-ым, калі не змаглі адбараніць парламанцкую апазіцыю, а потым бел-чырвона-белы сцяг як дзяржаўны і беларускую мову як адзіную дзяржаўную. Усё, што адбываецца зараз – гэта наступствы і жорсткая расплата за той перыяд. Напэўна многія з старэйшых памятаюць падзеі, што адбыліся тады, хоць лёсавызначальным стаўся яшчэ 1994-ы. Безумоўна, фатальным стаў выбар народу прэзідэнта ў 1994 годзе, але трэба прызнаць, што гэта быў больш-менш дэмакратычны выбар і грунтоўных падставаў выходзіць на вуліцу пратэставаць не было. А вось 1995-ы і 1996-ы можна назваць у такім разе вырашальнымі.

Хіба варта яшчэ раз прыгадаць, што тады адбылося. У ноч на 12 красавіка 1995 года на загад выканаўчай улады ў беларускім парламанце былі жорстка збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазіцыі, якія напярэдадні абвесцілі галадоўку супраць антыканстытуцыйных захадаў прэзідэнта. Такім чынам пачаўся антыканстытуцыйны пераварот. А ўжо 14 траўня ў Беларусі адбыўся антыканстытуцыйны рэферэндум, які змяніў дзяржаўную сімволіку, надаў расейскай мове статус дзяржаўнай, зрабіў змены ў Канстытуцыю, надаўшы права прэзідэнту распускаць парламант, пастанавіў пра эканамічную інтаграцыю з Расеяй. Наступны, 1996 год, прайшоў пад знакам змагання, якое, аднак, поспеху не прынесла. У сталіцы адбываліся шматлюдныя акцыі пратэсту, часам з удзелам некалькіх дзясяткаў тысяч людзей і сутычкамі на вуліцах, але так званай крытычнай масы так і не сабралася. Апошні ключавы момант – у верасні 1996 года ў Вярхоўным Савеце Беларусі распачалася працэдура імпічмэнту Лукашэнку, якая ішла паспяхова, але неўзабаве была сарваная маскоўскімі “міратворцамі”. Хіба варта назваць і прозвішчы тых крамлёўскіх эмісараў – Геннадий Селезнёв, Егор Строев і Виктор Черномырдин. Гэта яны, на той час высокія расейскія начальнікі, непасрэдна ўратавалі Лукашэнку ад палітычнага краху і іх імёны чорнай фарбай упісаныя ў летапіс маскоўскай экспансіі.

На гэтым усе дэмакратычныя заваёвы пачатку суверэнных гадоў былі страчаны, а развіццё беларускага парламентарызму скончана. Далей Вярхоўны савет займеў чыста дэкаратыўны характар, а ўсе падзеі развіваліся ў акрэсленым фарватары, у рэчышчы разбудовы дыктатуры і зацягвання Беларусі назад у расейскую імперыю. Мэтная і паслядоўная русіфікацыя атручвала і раз’ядала людскія душы і ўвесь арганізм краіны. Выбудоўвалася жорсткая карная сістэма, прычым вырашчаная на мясцовай глебе пры непасрэдным удзеле мясцовых людзей. Эканоміка ўсё больш завязвалася на залежнасці ад Расеі. А зараз, калі нават юрыдычна ў дзяржаве забаронена Таварыства Беларускай Мовы, узнікае натуральнае пытанне – што ж беларускага засталося ў гэтай дзяржаве. Шчыры адказ досыць сумны – амаль нічога. Фармальна застаюцца яшчэ два элементы суверэнітэту – назва Рэспубліка Беларусь і беларускі рубель як грашовая адзінка. У астатнім – поўная залежнасць ад Масквы: расейскія базы і войскі, расейская атамная станцыя, расейская па-сутнасці турэмная сістэма, расейскія грашовыя ін’іекцыі ў арганізм знясіленай эканомікі, дыктат расейскай мовы і звычаяў. Зараз надышоў час цяжкай расплаты.

Кожны расплачваецца за сваё. Сумежныя з Беларуссю краіны Еўразвязу, наперш Польшча, зараз змушаны цярпець нашэсце мігрантаў ля сваіх межаў. Створанае яно, канешне, штучна. Але да гэтага прывяла не толькі правакацыйная палітыка Крамля і яго мінскага філіялу. Вінаватае і кіраўніцтва Еўразвязу, урады такіх дзяржаў як Германія і Францыя, якія сваёй ранейшай палітыкай стварылі для прадстаўнікоў краін Усходу вобраз сённяшняй Еўропы як сацыяльнага раю і халявы. Ці гэтая палітыка па масавым сцягванні мігрантаў у Стары свет была неабачлівай ці сведамай – гэта асобнае пытанне. Але тое, што еўрапейскія краіны будуць цяжка і доўга за ўсё гэта расплачвацца – няма ніякага сумневу.

Уладзімір Хільмановіч