Гарадзенскі палітзняволены Ігар Банцэр чакае новага суду,  які адбудзецца 24 лістапада 2021 года ў Віцебску на так званай “хіміі”. Музыка знаходзіцца там ужо больш за паўгады.

Кажа Ігар Банцэр:  

– У мяне адбудзецца выязное паседжанне. Зноў жа тут, унутры папраўчай установы адкрытага тыпу №9 горада Віцебска. Відавочна, што суд  прыме тое ж самае рашэнне, што і ў канцы верасня, што я злосны парушальнік, што мяне трэба накіраваць на больш жорсткі рэжым. Сітуацыя дзіўная, улічваючы тое, што мне засталося сядзець месяц-паўтары, ніхто не ведае, мне не могуць сказаць афіцыйна нават. Я звяртаўся ў спецаддзел, мне не змаглі патлумачыць, колькі мне сядзець.

Ігар таксама кажа, што за здароўем у яго не вельмі добра:

– Здароўе слабое, што тут ужо хлусіць, таму што на вуліцы зараз у нас – 10 было сёння ноччу, удзень -7, -5. Парадаксальна, але 20 дзён у ШЫЗА я сябе адчуваў лепей, хоць чатыры дні я правёў у камеры, дзе не працавала батарэя. Там было жудасна халодна.  

У папраўчай установе у Віцебску, дзе знаходзіцца Ігар Банцэр, вельмі шмат хворых на прастудныя захворванні, а таксама чатыры асобы хворыя на каронавірус.

Беларускае Радыё Рацыя