
Не сціхае памежны бой паміж эмігранцкімі заложнікамі Аляксандра Лукашэнкі і яго палітычнага патрона Уладзіміра Пуціна ды польскімі ваеннымі фарміраваннямі розных відаў. Польскі ўрад, прэзідэнт, адным словам кіруючая кааліцыя не хоча паўтору міграцыйнага крызісу 2015 года, калі канцлер Нямеччыны Ангела Меркель наўпрост запрашала тысячы мігрантаў прыбыць праз паўднёвую Еўропы ў еўрапейскія дзяржавы.
Другім, не менш важным фактарам ёсць асэнсаваны погляд, што зараз маем ужо праявы гібрыднай вайны, якая вядзецца не толькі супраць Польшчы, але ўсіх краінаў Еўрасаюза. Пасля пачатковай стрыманасці і спазнення ў рэакцыях з боку еўрапейскіх структур зараз, здаецца, большасць чальцоў еўрапейскай супольнасці прызнае рацыю прынятым рашэнням і дзеянням польскага ўрада. Не застаецца і без цвёрдай пазіцыі мілітарны еўраатлантычны хаўрус, які на ўсходняй мяжы НАТА бачыць афенсіўныя гульні пуцінскай палітыкі з мэтай выклікаць рэгіянальныя канфлікты на былой тэрыторыі Савецкага Саюза.
Таму нічога дзіўнага, што ў такой сітуацыі Эстонія, Латвія, Літва і Польшча аднагалосна выступаюць супраць міграцыйнай і інфармацыйнай вайны ў гэтай частцы Еўропы. Усе вышэйзгаданыя дзяржавы таксама пачынаюць будаваць муры на сваіх адрэзках мяжы з Беларуссю, а Эстонія — з Расеяй. Цікавым фактам ва ўнутрыпалітычнай барацьбе ў кожнай з краін, апрача Польшчы, з’яўляецца аднадумства кіруючых колаў і апазіцыі ў справе неабходнасці такой будоўлі. Як справы маюцца ў нашай дзяржаве, кожны з нас сам бачыць і мае свой погляд на ініцыятыву ўрада. Мне, пушчанскаму дзіку, зараз выпадае толькі наглядаць за тым, што дзеецца і сумаваць, што такі мур ужо хіба на векі вякоў замацуе падзел зроблены жалезнай заслонай пасля ялцінска-патсдамскіх канферэнцый 1945 года, які разрэзаў супольны свет Сакольшчыны і Гарадзеншчыны, Гайнаўшчыны, Бельшчыны, Сямятыччыны і Берасцейшчыны.
Для маіх продкаў, жыхароў невялікіх вёсачак вакол Белавежскай пушчы быў гэта чарговы канец свету пасля бежанства 1915 года, прыходу немцаў і саветаў. Славутая савецкая сістэма раздзяліла не толькі сем’і, але перш за ўсё супольную беларускую нацыянальную памяць, супольную гісторыю карэннага насельніцтва на адзінай тэрыторыі. Зараз з яшчэ большай сілай, як міфічны сон вяртаюцца падзеі пачатку шасцідзясятых гадоў, калі ж за славутай і ў сённяшнім міграцыйным пераказе Старыной і Бобінкай дваццаць гадоў пасля вайны сямейнікі з раздзеленых вёсак цудам гісторыі і прыхільнасці тадышніх азіяцкіх вартавых раскрылі кусок мяжы. Тое, што тады здарылася, апісаў на старонках «Нівы» Міхал Андрасюк. Але тая падзея застаецца яшчэ ў сямейнай памяці пушчанскіх людзей дзякуючы тым неверагодным сустрэчам, якія тады мелі месца, а таксама неверагоднай салідарнасці аднавяскоўцаў наконт маўчання перад ашалелымі потым ад злосці тадышнімі памежнікамі па абодвух баках мяжы.
Зараз мінае амаль шэсцьдзесят гадоў ад тых падзей, а тут ізноў наш маленькі кусочак зямлі трапляе ўжо не ў лакальную гісторыю, але становіцца хочаш не хочаш неад’емнай часткай агульнасусветнага палітычнага крызісу. Праз мяжу і пушчу не ідуць да сябе як тады і перад войнамі беларусы. Ужо за савецкай, жалезнай, а потым за папяровай еўрасаюзнай візавай заслонай ездзілі праз памежныя пункты пропуску. Падарожжа займала нават тры дні, хаця напрасткі праз мяжу можна было б справіцца да гадзіны, ці дня часу. Але, відаць, не дажыць мне дня, калі на ровары ляснымі сцежкамі і дарогамі паеду па ўсіх тых мясцінах, дзе вандравалі мае дзяды, бацькі, аднавяскоўцы. І ніхто паабапал мяжы не назаве не толькі сваякоў, але не будзе ведаць, як называюцца вёсачкі з другога боку граніцы. А тыя жывыя будуць толькі паўтараць, што там ужо Расія, а другія, што за агароджай — Польшча. Адплывае мая беларуская, пушчанская Ітака, расколатая дротам і мурам. І адыходзіць у вечнасць разам з могілкамі, на якія правядуць апошніх пушчанскіх абарыгенаў.
Яўген ВАПА