Апошнім палітычным анекдотам на нашай прасторы сталася тое, што Пуцін заклікаў Лукашэнку да дыялогу і амаль перамоваў з апазіцыяй. Нехта бачыць у гэтым асаблівы цынізм, з іншага боку, найбольш дурныя галовы зноў атрымалі ілюзіі, што Масква дапаможа вызваліцца беларусам ад іх бяды. Разглядаць такую заяву трэба выключна ў рэчышчы рэалізацыі задумы па пераўтварэнні Крамлём Беларусі з моцна залежнай ад яго тэрыторыі ў абсалютна кіруемую і падначаленую. Для Масквы галоўнае – стратэгічны кантроль над усёй Беларуссю. А хто яго забяспечыць на месцы – Лукашэнка ці які-небудзь Бабарыка, што зараз у турме (але абавязкова ў рэзерве Крамля!), гэта ўжо другаснае пытанне. Іншая рэч, што ніхто так не будзе знішчаць усё беларускае ў Беларусі, як Лукашэнка (тут яму роўных няма). І таму гэтая фігура так доўга па вялікім рахунку задавальняе маскоўскае імперскае кіраўніцтва. Пры ўсіх іншых нюансах і знешніх выбрыках. Гэта тое, што ніяк не могуць зразумець, ні расейскія лібералы, ні многія ў Беларусі.

Трэба яшчэ выразна ўсведамляць, што сённяшняя расейская ўлада цесным чынам звязаная з еўрапейскімі палітычнымі элітамі, ці псеўдаэлітамі. Для гісторыі нічога новага. Сучасная маскоўская дзяржава, як і некалі царская раманаўская Расея, прадстаўляе інтарэсы глабальнага фінансавага капіталу на тэрыторыі Еўразіі. І таму як звычайна ў такім цесным звязку тут цэлы час ідуць палітыка Германіі і Расеі. Расейска-нямецка нафта-газавы кансорцыюм стварае перадумовы да далейшага дамінавання Германіі ў Еўразвязе і далейшага панавання Расеі на тэрыторыі многіх былых савецкіх рэспублік. У рэчышчы такой супрацы гуртам і ў розніцу ў розных формах скупляецца палітычны ітэблішмент розных еўрапейскіх дзяржаў. Паводле былога эстонскага прэзідэнта Томаса-Хендрыка Ільвеса гэта трапна называецца «шродэрызацыя ўсёй Еўропы». Вось ужо на мінулым тыдні і прэзідэнт Балгарыі заявіў, што Крым – гэта расейская тэрыторыя. Такая рэальнасць 21-га стагоддзя, калі на змену «гавелам» прыйшлі шматлікія «шродэры», «макроны» ды «земаны». Ну а чым урэшце заканчваецца сяброўства і супраца Расеі і Германіі добра ведаем па гісторыі дваццатага стагоддзя. Заканчваецца гэта вялікай трагедыяй для ўсяго кантыненту, а найперш для нашых краін Усходняй Еўропы.

Такой жа блізкай супрацай з Расеяй адзначаецца і іншы лідар еўразвязаўскай палітыкі – Францыя, там мяняюцца прэзідэнты і кабінеты міністраў, а real-politik Пятай рэспублікі застаецца нязменнай. Можна прыгадаць і менш значную Аўстрыю – хіба найбольшага фактычнага саюзніка Масквы і Мінску з краін Захаду. Там хіба няма аніводнай палітычнай плыні, якая не была б завязаная на Расею. Так што старая мадэль канца 18-га стагоддзя, калі моцныя гэтага кантыненту дзялілі і знішчалі Рэч Паспалітую, нікуды не знікла, яна адрадзілася ў новай іпастасі. І Германія з Расеяй будуць рабіць усё, разам і паасобку, каб не дапусціць нейкае ўзнікненне падабенства той сама Рэчы Паспалітай.

А ў такой сітуацыі выратавальным для Усходняй Еўропы магло б стацца менавіта стварэнне Балтыйска-Чарноморскага звязу, пра які так шмат гаварылася раней, але які, на вялікі жаль, так і не стаў геапалітычнай рэальнасцю. Падтрымаць такі кантынентальны еўрапейскі альянс маглі б ЗША і Вялікабрытанія. А агульны патэнцыял трох краін Балтыі, Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Украіны, Малдовы, Румыніі застаецца дастаткова высокім. Нават у людскім рэсурсе – гэта больш 140 мільёнаў (!) чалавек. І менавіта ў гэтых краінах яшчэ ў пэўнай ступені захаваўся спрадвечны еўрапейскі традыцыяналізм, нацыянальныя, хрысціянскія, сямейныя каштоўнасці. Цудоўна гэта ўсведамляюць і ў Берліне-Брусэлі-Парыжы.

Таму штучна створаная зараз праблема мігрантаў з усходу – гэта праблема якраз Польшчы, Літвы, Латвіі і канешне Беларусі з Украінай. Праблему гэтую стварылі Расея, якая вядзе сваю гібрыдную вайну, і лідары Еўразвязу, якія стварылі вобраз «сацыяльнага раю», куды так імкнуцца прадстаўнікі Азіі. Усё астатняе – фальш, крывадушнасць і пыл у вочы.

Уладзімір Хільмановіч