Беларускі грамадска-культурны дзеяч, мовазнавец, гісторык, перакладнік, выдавец, публіцыст, педагог, дзеяч эміграцыі Янка Станкевіч нарадзіўся 26 лістапада 1891 году ў вёсцы Арляняты (цяперашні Смаргонскі раён).

Паходзіў з роду, які даў беларускаму руху шэраг выдатных асобаў, родны брат Адама Станкевіча. У першую сусветную вайну быў прызваны ў расейскае войска. Браў чынны ўдзел у беларускім руху – дэлегат з’езду нацыянальных арганізацый у Менску ў сакавіку 1917-га году, з’езду настаўнікаў Менскай губерні ў траўні таго ж году. З снежня 1917-га ў Вільні, адзін з стваральнікаў Беларускага навуковага таварыства, у студзені 1918-га году абраны ў склад Віленскай беларускай рады, удзельнічаў у сесіі Рады БНР у сакавіку 1918-га ў Менску. У лістападзе 1918 году кааптаваны ў склад Літоўскай Тарыбы.

Хата Станкевічаў у Арлянятах

Пасля прыходу ў Вільню Чырвонай Арміі працаваў у літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасветы Літоўска-Беларускай ССР, загадваў беларускім выдавецтвам “Веда”. У час польска-савецкай вайны 1919-20 гадоў – сябра Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, прэзідыуму Беларускай цэнтральнай школьнай рады.

Янка Станкевіч скончыў у 1921 годзе Віленскую беларускую гімназію, у 1926-ым – Карлаў універсітэт у Празе. Здабыў там ступень доктара славянскай філалогіі і гісторыі. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім універсітэце і Ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, у ім ажно да 1940 году. Друкаваўся ў часопісе “Крывіч”, розных заходнебеларускіх выданнях.

Ян Станкевіч у 1928-30 гадах быў паслом Сойму Польшчы. Як палітык прыхільна ставіўся да польска-беларускага збліжэння, за што яго ня раз крытыкавалі беларускія групоўкі. У 1940 годзе Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасці Беларускага камітэту. Актыўна супрацаваў з Вацлавам Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падполлем, стварыў канспірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасці была адбудова беларускай дзяржаўнасці з апорай на Польшчу.

З восені 1941-га году Ян Станкевіч жыў у Менску, кароткі час працаваў у школьным аддзеле Менскай управы. Станкевіч быў сябрам Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзелу Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства. Выкладаў гісторыю Беларусі ў падафіцэрскай школе паліцыі ў Менску. З 1944-га ў эміграцыі. У Нямеччыне аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства. У 1949-ым пераехаў у ЗША, дзе жыў і працаваў да канца сваіх дзён. Актыўна ўдзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, выдаваў часопісы “Веда”, “Незалежнік”, супрацаваў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і ягоным выданнем “Запісы”, часопісам “Сяўбіт”, мюнхенскай газетай “Бацькаўшчына”, газетай “Беларус” (Нью-Ёрк) і іншымі. Разам з Станіславам Станкевічам стаў заснавальнікам Вялікалітоўскага фонду імя Льва Сапегі. Янка Станкевіч аўтар унікальных працаў па беларускай гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўстве. Асаблівае месца сярод іх займае падрыхтаваны “Беларуска-расейскі (Вялікалітоўска-расейскі) слоўнік”, выдадзены ў 1990 годзе.

Памёр Янка Станкевіч 16 жніўня 1976 г., пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы (ЗША).