Гарадзенскі журналіст і палітвязень Дзяніс Івашын ужо 260 дзён знаходзіцца за кратамі гарадзенскай турмы. 74 дні блізкія не атрымліваюць ад яго лістоў.

Жонка журналіста Вольга Івашына піша пра яго фізічнае і псіхалагічнае адчуванне:

“…фізычна Дзяніс адчувае сябе нармалёва, настрой умоўна добры, але зьнешне выглядае худым. Ён і да таго, мякка кажучы, ня надта грузным быў, то можна сабе ўявіць, як вязьняў гадуюць. Калі ўлічыць усе нашыя пасылкі й перадачы, то выходзіць вельмі сумна. Дзіўна, што ж адміністрацыя так халатна ставіцца да здароўя давераных іхнай апецы людзей? Каб потым кіраўніцтва дзяржавы абвінавачвалі ў наўмысным зьнішчэньні здароўя грамадзянаў? Шкодніцтва проста нейкае!”.

Наконт карэспандэнцыі Вольга Івашына піша наступнае:

“Паводле паведамленьняў пошты, якія вярнуліся нам, і дадзеных сэрвісу РУП “Белпошта”, усе дасланыя намі і дайшоўшыя ў лістападзе 4 замоўныя лісты былі ўручаныя (3 – 19-га лістапада і 1 – 22-га). Паводле правілаў нутранага распарадку СІЗА не пазьней як праз 3 дні яны маюць быць правераныя турэмным цэнзарам і перададзеныя адрасату. Т.б. днямі можна ўжо будзе запытвацца ў адміністрацыі турмы, ці перадалі яны пошту Дзянісу.
А пакуль наш Дзяніс перажывае за тое, што ня ўсе пэрыядычныя выданьні да яго трапляюць. Сьцвярджае, што замоўленыя каталіцкія “Слова жыцьця”, “Наша Вера” і “Ave Maria” ў лістападзе яму не перадавалі. Насамрэч праблема ўзьнікла яшчэ раней, пра што мне паведамлялі супрацоўнікі гэтых выданьняў: дасланыя экзэмпляры газэты і часопісаў былі вернутыя адміністрацыяй вязьніцы з пазначкай “недазволенае ўкладаньне”, хоць выданьні маюць права атрымліваць замовы і аплату за іх, і, натуральна, рассылаць асобнікі адрасатам паводле замовы”.