Доўга не маглі пачацца судовыя спрэчкі па крымінальнай справе гарадзенца Андрэя Аўсіевіча. Некалькі тыдняў яны адкладаліся. А пачатак быў прызначаны яшчэ на 8 лістапада, аднак тады пракурорка папрасіла тыдзень на падрыхтоўку.

Андрэй Аўсіевіч

19 лістапада, калі было прызначана паседжанне, яно зноў не адбылося. На гэты раз “пацярпелы” – міліцыянт Максім Чарткоў (участковы міліцыянт мікрараёну Фолюш) папрасіў пра перанос, паколькі ў гэты дзень быў “задействован в охране правопорядка”.

Андрэя Аўсіевіча, які паходзіць з сям’і праваслаўнага дыякана, затрымалі яшчэ ў пачатку траўня. У жніўні яго пачалі судзіць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: артыкулу 369 (знявага службовай асобы) і артыкулу 361 (прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). Падставай паслужылі некалькі каментароў Аўсіевіча ў Telegram-чатах. Па артыкуле 369 Аўсіевіч часткова прызнаў сваю віну.

Крымінальную справу разглядае ў абласным судзе Мікалай Рачынскі. Дзяржабвінаваўцам выступае Людміла Герасіменка.

Чарговае паседжанне адбылося 26 лістапада. На ім нечакана Аўсіевічу было выстаўлена новае абвінавачанне. Пракурорка Герасіменка абвесціла пра абвінавачанне паводле артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (“Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці нейкай іншай сацыяльнай варожасці”). Падставай сталі разважанні Аўсіевіча пра лёс міліцыянтаў пасля таго, як у краіне наступяць змены.

Разгляд судовай справы зноў перанесены на тыдзень.

.