Палітзьняволеная каардынатарка валянтэрскай службы праваабарончага цэнтру «Вясна» Марыя Рабкова паведаміла сваякам у лісьце, што ёй прад’явілі канчатковыя абвінавачваньні, па якіх яе будуць судзіць — гэта 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх абвінавачваюць Марфу Рабкову, паводле «Вясны»:

  • ч.1 арт. 293 (Арганізацыя масавых беспарадкаў)
  • ч. 1. арт.13 да ч.2 арт. 293 (Падрыхтоўка і наўмыснае стварэньне ўмоваў да ўдзелу ў масавых беспарадках)
  • ч. 3. арт. 293 (Навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, а роўна фінансаваньне ці іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці)
  • ч. 1. арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак)
  • ч. 3. арт. 361 (Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт)
  • ч. 1. арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня)
  • ч. 1. арт. 285 (Кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй)
  • ч. 3. арт. 130 (Распальваньне сацыяльнай варожасьці групай асобаў)
  • ч. 2. арт. 339 (Злоснае хуліганства)
  • ч. 3. арт. 339 (Асабліва злоснае хуліганства)
  • арт. 341 (Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці)
  • ч. 3. арт. 218 (Наўмысныя зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці, учыненыя арганізаванай групай)
  • ч. 2. арт. 295-3 (Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальнае дзеяньне якіх заснаванае на выкарыстаньні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб).

Рабкова перадала, што акрамя «народных» пратэставых артыкулаў (такіх, як арт. 293 і арт. 342КК), ёй ставяць у віну некалькі так званых «вісякоў» (у жаргоне сілавікоў гэтым словам абазначаюцца шматгадовыя нераскрытыя злачынствы). З усіх удзельнікаў працэсу ўзятыя падпіскі аб невыдаваньні, таму Рабкова лічыць, што суд будзе закрытым з прычыны адкрытых фальсыфікацый доказаў.

Цяпер праваабаронцы пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Рабкова знаходзіцца ў зьняволеньні больш за 14 месяцаў і адмаўляецца даваць паказаньні.

svaboda.org