Польшча ўводзіць новыя абмежаванні ў звязку з распаўсюдам каронавіруса і з увагі на яго новы штам “амікрон”. Змены, між іншым, датычаць забароны палётаў у сем афрыканскіх краін, у тым ліку Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, Батсвану, Мазамбік і Намібію. Асобы, якія вяртаюцца з гэтых краін, падлягаюць абавязковаму каранціну.

Таксама змены датычаць асобаў, якія агулам вяртаюцца з краін, што не ўваходзяць у шэнген-зону, а значыць і з Беларусі.

Пра гэта паведаміў міністр здароўя Польшчы Адам Нядзельскі. Каранцін павялічваецца з 10 да 14 дзён. Цяпер выхад з гэтага каранціну можа адбыцца з 8-га дня пасля правядзення тэста.

Але важна тое, што асобы, якія цалкам прышчэпленыя вакцынамі, дапушчанымі ў Еўразвязе, не падлягаюць каранціну.