60 гадоў таму камуністычныя саветы ўзарвалі ў Гародні Фару Вітаўта – унікальны помнік гарадской архітэктуры.

Фара Вітаўта ў 1930-ыя гады

Вось што піша з нагоды гэтых угодкаў Аляксандр Мілінкевіч, адзін з даследнікаў гарадзенскай гісторыі:

“Гэтай ноччу 60 год таму нелюдзі ўзарвалі Фару Вітаўта ў Гародні, адзін з самых прыгожых храмаў Беларусі, які ў XVI ст. пабудаваў сабе ў якасці маўзалея наш знакаміты кароль і вялікі князь Стэфан Баторы, бо для яго быў “горад гэты мілы не толькі для часовага тут пабыту, але і для вечнага спачынку”. Па Гародні хадзілі чуткі, што падобны лёс чакае і другі храм, што стаяў праз Стары Рынак насупраць – Кафедральны па-езуіцкі касцёл. І пагроза была рэальнай. За год да гэтых падзеяў ксяндзу ўжо забаранілі праводзіць набажэнствы ў сёняшняй Фары. Улады зацвердзілі генплан горадабудаўніцтва са значным пашырэннем Савецкай плошчы і ўзвядзеннем ў яе цэнтры вялізнага Дома Саветаў. І, канешне, хрысціянскія храмы “шкодзілі” рэалізацыі Праграмы пабудовы камунізму (1960-80 гг.).

Набажэнства ў касцёле ў даваенны час

Падчас падрыхтоўкі выбуху старой Фары старшыня Касцёльнага камітэта і даглядальніца старадаўняга вежавага гадзінніка Марыя Гратулевіч, нягледзячы на папярэджанне “ворганаў”, ініцыявала і арганізавала абарону Кафедральнага касцёла Св. Францішка Ксаверыя. Самаахвярныя вернікі, у асноўным пажылыя жанчыначкі, днявалі і начавалі ў касцёле, не дазволіўшы знішчыць яшчэ адну святыню, унікальны помнік нашай гісторыі і духоўнага жыцця.

Фара напрыканцы 1950-ых
Раніца 29.11.1961 (здымак падораны А, Мілінкевічу св. памяці Марыяй Гратулевіч)

На пачатку 1990-ых па ініцыятыве дэмакратычных уладаў горада былі праведзены археалагічныя даследванні рэшткаў Фары пад кіраўніцтвам Алега Трусава. Фундаменты XVI cт. магутнага касцёла вельмі добра захаваліся і Фару можна аднаўляць проста на іх. Гарвыканкам правёў перамовы з каталіцкай епархіяй, з міністэрствам культуры Польшчы і быў гатовы распачаць праектныя працы адраджэння храма. Супраць быў аблвыканкам, Саўмін, праваслаўныя іерархі ў Менску.

У Вольнай Беларусі Фара Вітаўта вернецца на сваё месца, як і Ратуша, як і ўся знішчаная забудова вакол Старога Рынка”.

Рэканструкцыя Фары Вітаўта XVI cт., аўтар – Мечыслаў Ян Супрон