Жыхароў Гародні працягваюць судзіць за ўдзел у “Маршы адзінства”, які адбыўся ў горадзе летась 6 верасня. Праз год, 6 верасня 2021-га, у горадзе адбыліся дзясяткі затрыманняў удзельнікаў таго марша. І цяпер суды адзін за адным абвяшчаюць абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да гэтых людзей.

Марш адзінства ў Гародні 6 верасня 2020 году

26 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 35-гадовай лабаранткі хімічнага аналізу прадпрыемства “Гродна Азот” Вольгі Белазёравай. Справу разглядала суддзя Вольга Бекушава, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівала Вераніка Ульянава.

Вольга Белазёрава працуе на “Гродна Азоце” з 2006 года. Начальнік лабараторыі, у якой працуе жанчына, у характарыстыцы адзначыў, што яна “зарэкамендавала сябе высокакваліфікаваным граматным спецыялістам, з’яўляецца адным з найдасведчаных інструктараў вытворчага навучання, можа ў самы кароткі тэрмін навучыць ізноў прынятага лабаранта выкананню лабараторных аналізаў”. Жанчына выхоўвае пяцігадовую дачку.

Паводле абвінавачвання, Вольга Белазёрава ўдзельнічала ў счэпцы грамадзян на “Маршы адзінства” ў Гродне 6 верасня мінулага года ў 13:20 каля дома № 10 па вуліцы Гарнавых. “Натхняючы сваімі паводзінамі навакольных з мэтай падахвочвання ў іх пачуцця неабходнасці ўдзелу ў паказаным несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — мітынгу, правядзенне якога замахвалася на грамадскі спакой, парушала ўмовы адпачынку і побыту грамадзян, дэманстравала свой намер аказаць відавочнае непадпарадкаванне”.

Абвінавачваная прызнала віну ў поўным аб’ёме, пры гэтым адзначыўшы, што не згодная з тым, што яна нібыта загадзя ведала пра тое мерапрыемства і дзейнічала паводле папярэдняй змовы, паколькі з ейнага боку дзеянні былі спантаннымі. З 6 па 10 верасня гэтага года яе затрымлівалі па крымінальнай справе і змяшчалі ў ІЧУ. Адказваючы на пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы, Вольга Белазёрава растлумачыла, што ў той дзень адправілася ў кнігарню набыць дачцэ інтэрактыўны глобус. Выходзячы з крамы, накіравалася ў бок прыпынку, дзе і далучылася да натоўпу грамадзян, пасля чаго пайшла ў бок вуліцы Савецкай і старога моста, — растлумачыла жанчына.

Сведкі-міліцыянты Валянцін СташэўскіМікалай ЗадорынАла Сафонава і Сяргей Цімафееў на пасяджэнне не з’явіліся. У дачыненні да іх былі прынятыя меры бяспекі ў выглядзе невыдавання звестак аб іх асобах. Дзяржабвінаваўца падала суду дакумент, у адпаведнасці з якім сведкі знаходзяцца за межамі горада і занятыя аховай грамадскага правапарадку ў ТЛЦ “Брузгі”.

Як высветлілася падчас абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў, у справе “знаходзяцца копіі прысудаў суда, якія ўжо вынесеныя ў дачыненні да асобаў, што ўдзельнічалі 6 верасня 2020 года ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Падчас вывучэння відэазапісу затрыманняў на маршы дзяржабвінаваўца сказала, што на заплечніку Вольгі Белазёравай была бел-чырвона-белая стужка: “Адкуль бчб-стужачка ўзялася на заплечніку? Загадзя ведалі пра правядзенне мерапрыемства? Да гэтага насілі стужкі на сваім заплечніку?”. На што абвінавачаная адказала, што не насіла на заплечніку бчб-стужку. Аднак Вераніка Ульянава працягнула: “Калі вы насілі яе да гэтага, гэта адно, але калі вы наўмысна яе змясцілі дзеля ўдзелу ў маршы — гэта іншае!”.

Падчас судовых спрэчак дзяржаўная абвінаваўца адзначыла, што па гэтай справе змякчальнымі акалічнасцямі з’яўляюцца чыстасардэчнае раскаянне і наяўнасць у Вольгі Белазёравай малой дачкі. Прадстаўніца пракуратуры прапанавала прыбраць з абвінавачвання ўказанне на дзеянні абвінавачанай паводле папярэдняй змовы, паколькі падчас судовага следства гэта не было выяўлена. Вераніка Ульянава прапанавала суду прызнаць жанчыну вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады (“хатняя хімія”).

29 лістапада суддзя Вольга Бекушава абвесціла прысуд і прызначыла пакаранне на паўгода меншае за тое, што прасіла дзяржабвінаваўца ў судовых спрэчках: паўтара года “хатняй хіміі”.

spring96.org