«(…) а тут ізноў наш маленькі кусочак зямлі трапляе ўжо не ў лакальную гісторыю, але становіцца хочаш не хочаш неад’емнай часткай агульнасусветнага палітычнага крызісу. (…)  
Але, відаць, не дажыць мне дня, калі на ровары ляснымі сцежкамі і дарогамі паеду па ўсіх тых мясцінах, дзе вандравалі мае дзяды, бацькі, аднавяскоўцы. І ніхто паабапал мяжы не назаве не толькі сваякоў, але не будзе ведаць, як называюцца вёсачкі з другога боку граніцы. А тыя жывыя будуць толькі паўтараць, што там ужо Расія, а другія, што за агароджай — Польшча. Адплывае мая беларуская, пушчанская Ітака, падзеленая дротам і мурам. І адыходзіць разам з могілкамі, на якія правядуць апошніх пушчанскіх абарыгенаў».

Тыдзень таму напісаліся мною такія словы, калі паглядзеў я сваімі вачыма на тое, што зараз адбываецца на беларуска-польскай мяжы. Неверагодна, як забытыя Богам і людзьмі ўскраіны Белавежскай пушчы з дня на дзень сталі гарачымі кропкамі сусветнай палітыкі. А інфармацыйныя агенцтвы на польскай, расейскай і іншых мовах свету ў паведамленнях згадваюць Белавежу, Нараўку, Гайнаўку, Старыну, Бобінку, Дубічы-Царкоўныя, Чаромху і іншыя прыгранічныя мясцовасці. Адным словам, жменька пушчанскіх старажылаў разам з гміннымі пасёлкамі і невялікімі гарадамі апынуліся ў поўным і рэальным мілітарным ачапленні. Над імі ўсімі павісла шалёная накладка інфармацыйных войнаў на агульнапольскім, міждзяржаўным, міжкантынентальным узроўні.

У такой сітуацыі пачуццё страху ўзрастае прапарцыянальна да пачутага ў медыях, ад суседзяў і пабачанага на ўласныя вочы. Колькасць машын усіх відаў войск уключна з танкамі, што на сваіх гусеніцах пруць праз тваю старадаўнюю брукаванку, ці асфальтавае палатно прыносяць толькі думкі пра адно — каб хоць толькі не закончылася гэта вайной. У выпадку маёй роднай вёскі, якая крыху аддаленая ад мяжы і не навідавоку ўзломвання яе эмігрантамі, не відаць яшчэ тут тых дзясяткаў машын з жаўнерамі і будаўнічай экіпіроўкай, што сунуць па памежных вёсках на граніцу для выкарыстання ў справах вядомых толькі вайсковаму камандаванню. Жыхарам прыходзіцца сядзець ціха, наглядаць за бачаным і дакладваць войску, памежнікам і паліцыі, калі на ўласным панадворку ці ў ваколіцы пабачаць мігрантаў. Трагічныя ўспаміны звышстагадовай даўнасці і пазнейшыя паўстаюць проста перад вачыма. Ніхто чарговы раз не хоча пражыць крыжоў і безыменных магіл. Прызабытая генетычная і гістарычная памяць ажывае пры сямейных сустрэчах і ў штодзённых размовах.

Трагізм усіх падзей, якія загадзя былі ўпісаны лукашэнкаўскімі спецлужбамі ў сітуацыйны сцэнарый штурмавання мяжы ўцекачамі, закладалі боль, плач і трагедыю тых палонных людзей, пры скарыстанні магутнасці і сілы медыйнага пераказу ва ўсіх магчымых сродках віртуальнага свету. Той зверскі інструменталізм апрычнікаў лукашэнкаўскага рэжыму дасканала разумеюць беларускія ўцекачы са сваёй краіны, якім ужо дзясяткам тысяч прыйшлося пакінуць сваю Бацькаўшчыну цягам усяго часу ўладарання дыктатара, з якой ніколі не хацелі з’язджаць, а былі аднак прымушаны. Памятайма і пра смяротныя ахвяры ў мінулым і зараз. Тысячы нявінна катаваных людзей знаходзяцца цяпер у турмах па палітычных справах, а дзясяткі тысяч штодзённа рэпрэсаваныя ў сваёй краіне за кратамі. Аляксандр Лукашэнка хоча, каб той момант і вобраз быў забыты намі, беларусамі, і суседзямі, міжнароднай супольнасцю, палітыкамі, каб знік з міжнароднага медыйнага пераказу. А ўсё дзеля аднае мэты — чарговай легітымізацыі аблітага крывёю ўзурпатара. І менавіта беларуская дыяспара пратэстуе супраць скарыстоўвання ім абдзертых з грошай уцекачоў дзеля замацавання ягонай улады і выкліканага прывіду ваеннага канфлікту ў імя ягонага геапалітычнага хаўрусу з Расеяй. Таму мне вельмі баліць, калі слухаю, што беларуская дыяспара не разумее праблемы ўцекачоў. Яна ўсё дакладна разумее, бачыць і паказвае свету сапраўдную крыніцу сённяшняга закалоту — створаную Лукашэнкам лагерную сістэму ўлады. Але такой, рэальнай сістэмы і яе дзеянняў не бачыць і не хоча разумець уся вялікая чарада міжнародных палітыкаў, арганізацый, назіральнікаў, бізнесоўцаў і розных прыхільнікаў дыктатарскага кіравання. 

Але вяртаемся ў наш пушчанскі куток, у які з міграцыйным крызісам упіліся лукашэнкаўскія кіпцюры. Кожны эмпатычны чалавек перажывае боль і смерць, калі яна дзеецца вакол нас. А тут тым больш, што ўсё адбываецца на нашых вачах. Нічога затым дзіўнага, што ў такой сітуацыі многія людзі рушылі з дапамогай ахвярам палітыкі, нягледзячы на пазіцыю ўлад і на абвінавачванні многіх пад іх адрасам як наіўных і скарыстаных людзей. Не бяру тут пад увагу розных палітычных фанатаў з адной ці другой племянной тусоўкі, фальшывых памагатых, якія ў святле камер і ў прысутнасці мікрафонаў захацелі ўзмацніць свой селебрыцкі пераказ і сваімі дурнымі выказваннямі даліваць алівы да і так напружанай польска-польскай грамадзянскай вайны. Мне ідзе тут проста пра рэакцыю перш за ўсё мясцовых жыхароў, беларусаў і палякаў, што не захацелі пакінуць абяздоленых людзей у бядзе самім сабе і ступаючай за імі па пушчанскіх лясах і балотах нябачнай смерці. Таму лічу, што калі аказаная дапамога выплывае з патрэбы сэрца і хрысціянскай чалавечнасці, то пададзеная мігрантам гарачая гарбата, яда, цёплая вопратка ва ўмовах восеньска-зімовага надвор’я — гэта чалавечнасць, якая ў бяздушным свеце засталася яшчэ ў гэтым кутку зямлі. А знойдзеныя мясцовым насельніцтвам хворыя ахвяры, якія патрабуюць неабходнай медыцынскай дапамогі і яе знаходзяць у бальніцы, ці ж гэта не важнае таксама і ў кантэксце гуманітарнага іміджу самой дзяржавы? Зразумела, што ўзніклая сітуацыя сама па сабе была поўнасцю неспадзяванай, таму, мабыць, і часта праяўлялася ў выглядзе некаторых адміністрацыйных распараджэнняў, якія проста трэба пастаянна карэктаваць.

Такое пачуццё няўпэўненасці ўключна са страхам, як вядома, у нашым выпадку мае яшчэ адзін аспект: нацыянальны, значыць, беларускі. То ж ніхто іншы, а толькі мы, беларусы, з’яўляемся галоўнымі жыхарамі на гэтым жа зараз так няшчасным памежжы. Так было ад стагоддзяў. І калі дыктатар суседняй Беларусі Аляксандр Лукашэнка з «міралюбівым» Уладзімірам Пуціным распачалі агрэсіўную вайну супраць Польшчы і Захаду, пры бессумленным і жудасным выкарыстанні бежанцаў, то людзі так звычайна, з пражытага, палітычнага мінулага пачалі пабойвацца, каб у чарговы раз не сталі мы, беларуская нацыянальная меншасць, заложнікамі палітыкаў, ці аб’ектам медыйных атак на нас, быццам прыхільнікаў Лукашэнкі, ці раней саветаў. Такое, на жаль, бывала і ў найнавейшай нам гісторыі ў пераломных для жыцця Польшчы падзеях пасляваеннага перыяду. Доўгі час неяк гэтая вайна не кранала наўпрост нашага я і быцця тут, але апошнія тыдні паказваюць, што такой наканаванасці нам, на жаль, ізноў не пазбегнуць.

Адкрыта такія намёкі былі афіцыйна выказаны на адным з сайтаў польскага, публічнага тэлебачання ў адрас жыхаркі Гайнаўкі Кацярыны Вапы, якая вядомая сваёй беларускай, грамадскай і валанцёрскай актыўнасцю ў розных, штодзённых справах нашай малой Бацькаўшчыны. Я ганаруся тым, што яна і я з аднаго роду Вапаў з нашых Мацківічуў, афіцыйна званых Доўгім Бродам. Пра нашу вёску і пушчанскія гісторыі гэтага роду можна пісаць не толькі артыкулы, але і кніжку. Мы з’яўляемся суседзямі праз адну хату па вуліцы, але нашы бабулі і дзядулі спачываюць ужо па-суседску на Вярстоцкіх могілках. А пішучы гэтыя словы, даведаўся я з перадачы Валі Лаеўскай на Беларускім Радыё Рацыя «З Падляшша родам», што маем супольныя зацікаўленні. Ну, зразумела, апрача пушчанскіх вандровак, не пакідаем па-за ўвагай літаратуры, асабліва творчасці Алеся Разанава. З нецярплівасцю чакаю яе паэтычных перакладаў з амерыканскай паэзіі на польскую мову, але веру, што зможам дачакацца таксама асабістага, літаратурнага, ці журналісцкага яе дэбюту і на старонках «Нівы». От такі шлях і дух, які лунае над пушчанскай бязмежнасцю.

Зараз не засталася яна абыякавай да незайздроснага лёсу мігрантаў. За тое ў яе адрас у сеціве разліўся гейт і паклёпы, з выразнай нацыянальнай падаплёкай. Так проста нельга і гэта забаронена польскімі законамі. Лічу, што такая «логіка думання» пярэчыць усяму, што называецца нармальнасцю і вельмі хутка можа зашкодзіць не толькі ўсім беларусам у Польшчы, але і пакласціся далейшым канфліктаваннем у польска-беларускіх суадносінах. Уцягнуць у канфлікт беларускую нацыянальную меншасць і каб пад яе адрасам ставіліся закіды з боку польскіх публіцыстаў і медыяў, гэта проста той падарунак, пра які толькі марылі лукашысты, для якіх ад даўна пазіцыя большасці арганізацый падляшскіх беларусаў становіцца косткай у горле пры ацэнцы іхняй улады. І тут насоўваецца натуральнае пытанне: хто ў такой сітуацыі ёсць скарыстаным і дзеля чаго? Таму нашы арганізацыі менавіта зараз выдалі заяву, якую можна прачытаць на нашых старонках, з мэтай недапушчальнасці такіх абвінавачанняў у адрас Кацярыны Вапы, а тым самым і ў бок усёй беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Забываемся проста, што хто сее вецер, то пажынае ўраган. А катаклізму такога выгляду проста трэба пазбягаць нам усім.

Яўген ВАПА