Роўна 5 гадоў таму, 1 снежня 2016 года, у Гудзевічах памёр Алесь Белакоз, адзін з выдатнейшых сыноў беларускага народа, руплівы адраджэнец і стваральнік нацыянальнай культуры.

Беларускі настаўнік, краязнавец, стваральнік Гудзевіцкага музея, народны лекар-практык Алесь Белакоз нарадзіўся 11 верасня 1928 года ў вёсцы Ляткі (зараз гэта фактычна частка Гудзевічаў).

Карані Алеся Белакоза – з Беласточчыны, бацька яго быў на заробках у заакіянскай Бразіліі, а сам ён зрабіў вядомай і ўславіў ціхую, звычайную вёсачку Мастоўшчыны – Гудзевічы. Бацька, вярнуўшыся з Бразіліі, на заробленыя грошы пабудаваў дом у Лятках і адчыніў сваю крамку. Алесь Белакоз пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы, да вайны скончыў 5 класаў Гудзеўскай няпоўнай сярэдняй школы. У час вайны вучыўся пад кіраўніцтвам сястры Веры, у 1943 годзе страціў бацьку, які быў забіты ў час нападу партызанаў, якія рабавалі хаты і кінулі гранату. У кастрычніку 1944 года пачаў вучыцца ў 7-ым класе расейскай школы №1 Ваўкавыску, якую скончыў у 1947-ым. Паступіць у Менскі медыцынскі інстытут не здолеў і мусіў шукаць працу.

У 1948 годзе уладкаваўся настаўнікам другіх і чацвёртых класаў Гудзевіцкай школы. У тым жа годзе вырабіў уласнаручна ўлёткі кароткага зместу (прыкладам з заклікам “Змагайцеся за незалежную Беларусь!”), упершыню раскідаў іх з цягніка па дарозе ў Менск і ў Менску. Крыху пазней здабыў шрыфт і выдрукаваў улётку антысавецкага зместу, якую распаўсюджваў разам з сябрамі ў Гародні. Белакоза не злавілі, але пачалі арыштоўваць іншых людзей, з-за чаго ён спыніў такую дзейнасць.

З 1949-га пачаў завочнае навучанне на беларускім аддзяленні Гарадзенскага педагагічнага інстытуту. Настаўнічаў у вёсках Мастоўшчыны: 1953-54 гады – настаўнік пачатковых класаў у Струзе, 1954-55 – настаўнік фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай сямігодцы, 1955-59 – беларускай і нямецкай моваў у Радзявіцкай сямігодцы. У час свайго навучання зазнаў уплыў выкладчыка Браніслава Ржэўскага.

У 1958 годзе скончыў літаратурны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытуту і працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевічах.

Вёў шырокую нацыянальна-патрыятычную працу з вучнямі, збіраў краязнаўчыя матэрыялы, выдаваў школьны часопіс-гадавік “Праменьчык” (усяго 15 выданняў). Наладзіў перапіску вучняў з ведамымі беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі. Белакоз, які пачынаў у юнацтве як радыкальны маладзён, урэшце абраў іншы кірунак дзейнасці і праз сваю далейшую музейную справу зрабіў уплыў на тысячы беларусаў, знайшоў культурны ключ, дзейсны шлях адбітку на сведамасці тых, хто ад вякоў імкнуўся “людзьмі звацца”, але так і не даспеў да належнай грамадска-нацыянальнай супольнасці.

У 1965 годзе арганізаваў акцыю высылання лістоў слухачоў Курсаў удасканалення настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (у Менску) на адрас ЦК КПБ, у якіх уздымалася праблема статусу беларускай мовы. Гэта выклікала незадаволенасць спецслужбаў, якія ўзялі Белакоза пад пільны нагляд. Неаднаразова папярэджваўся і зазнаваў ціск з боку КГБ.

Музейная хатка ў Гудзевічах

Музей літаратурнага краязнаўства заснаваны Белакозам у 1965 годзе. Менавіта тут паўстаў першы стэнд прысвечаны вялікай паэтцы Ларысе Геніюш. Яна вучылася ў Гудзевічах у пачатковай школе ў 1919-20 гадах. Музей рос, шырыўся і прырастаў новымі экспанатамі. Створаны на грамадскіх пачатках пры школе, ён у 1990 годзе на золку суверэнітэту атрымаў статус дзяржаўнага. І атрымаў гэты знак якасці абсалютна заслужана за сваю адметнасць і зборы.

На магіле Міхася Явара ў Падбаранах

У 1987 годзе Белакоз стаў Заслужаным работнікам культуры Беларусі. Пазней быў дэпутатам абласнога савету, сябрам Беларускага Народнага Фронту. Выступаў на розных мітынгах у Гародні.

На мітынгу ў Гародні

Алесь Белакоз як народны лекар-практык распрацаваў уласную методыку змагання з анкалагічнымі захворваннямі. З сярэдзіны 1980-ых сам быў хворы на анкалогію, але навучыўся з ёй жыць і фактычна яшчэ 30 гадоў пражыў паўнацэнным жыццём.

Пахаваны на Гудзевіцкіх могілках. У Гудзевіцкім музеі ў першай залі стаіць бюсцік Алесю Белакозу. Светлай памяці яшчэ адзін беларускі адраджэнец Міхась Амялішка падрыхтаваў і выдаў яшчэ ў 2012 годзе кніжку “Як жыць, дык жыць для Беларусі. Гутаркі з Алесем Белакозам”.