1 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні быў абвешчаны чарговы карны прысуд па палітычных матывах. Судзілі Дзмітрыя Горбача паводле артыкулу 342, частка 1 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”)

Дзяржабвінаваўца запрасіў у суда для абвінавачанага паўтары гады калоніі. Столькі суддзя Віталь Лабоцкі і прысудзіў Горбачу.

Падставай для крымінальнай справы сталі падзеі 10 жніўня 2020 году. У той дзень Дзмітрый Горбач ездзіў каля абласной філармоніі і сігналіў аўтамабільным гудком. Тады яго затрымалі, але адпусцілі. А некалькі месяцаў таму ў гэтым годзе затрымалі зноў і ўзялі пад варту.

Дзмітрый Горбач мае інваліднасць трэцяй групы. У калоніі яму адбываць пасля пераразліку дзён трымання пад вартай у следчым ізалятары, менш чым паўтары гады.