17 верасня распачалася кампанія салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны” – #FreeViasna. Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

30 лістапада дэпутаты Еўрапарламента і запрошаныя выступоўцы абмеркавалі юрыдычныя інструменты прыцягнення да міжнароднай адказнасці людзей, адказных за цяжкія злачынствы ў галіне правоў чалавека.

Ва ўступным слове старшыня падкамітэта па правах чалавека Еўрапарламента Марыя Арэна ўзгадала лідараў “Вясны” Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча, якія з сярэдзіны ліпеня знаходзяцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага, а таксама пяцярых іншых “вясноўцаў” у зняволенні. Яна падкрэсліла, што інфармацыя пра затрыманых вельмі абмежаваная і далёка не ўсё вядома пра умовы іх утрымання і сутнасць абвінавачванняў.

У мерапрыемстве ўзяла ўдзел Аліна Стэфановіч – жонка зняволенага “вясноўца” Валянціна Стэфановіча. Яна падкрэсліла: 

“Лісты ад зняволеных “вясноўцаў” прыходзяць нерэгулярна, як відавочна і яны не атрымоўваюць усе пасланні з розных куткоў свету. Але “Вясна” не спыняе сваю дзейнасць ні па адным з накірункаў: ад траўня 2020 года па цяперашні час праваабаронцы зафіксавалі больш за 37 000 фактаў адвольных затрыманняў, было задакументавана каля 1500 выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі, палітычнымі зняволенымі прызнана амаль 900 чалавек. “Вясна” працягвае пастаянны маніторынг судовых разбіральніцтваў па палітычна матываваных крымінальных справах, аналізуе сабраныя звесткі і прадастаўляе справаздачы ў міжнародныя органы”. 


Валянцін Стэфановіч: “Мы, беларусы, нарэшце палюбілі самі сябе, з усімі нашымі хібамі і вартасцямі”

Палітзняволены “вясновец” Валянцін Стэфановіч даслаў шчымлівы ліст з-за кратаў, у якім паразважаў пра любоў беларусаў да саміх сябе пасля падзеяў мінулага года.

“Пра вядомую асобу вы ўжо перагнулі. Ну якая я вядомая асоба? Я ж не зорка шоў-бізнесу ці нейкі вядомы кінаактор, але і яны ўсе толькі людзі найперш. Я самы звычайны чалавек, такі як вы, як вашы сябры. <…>

Дзякуй вялікі за тое, што знаходзіце час напісаць мне лісты. Дзякуй за вашую спагаду і салідарнасць! Мяркую, што салідарнасць — гэта мабыць самае галоўнае, што мы атрымалі ў выніку мінулагодніх падзеяў. Мы, беларусы, нарэшце палюбілі самі сябе, з усімі нашымі хібамі і вартасцямі. Для нас, якія ўвесь час пакутвалі на комплексы нацыянальнай непаўнавартасці, гэта вельмі важна — любіць сябе”.

Праваабаронца кажа, што ў яго ўсё нармальна, “наколькі гэта магчыма” ва ўмовах СІЗА:

“Часы цяжкія, канешне, насталі, але самае галоўнае, яно ў нас — у галавах і сэрцах. А гэта ніхто не можа змяніць. Так што ўсё будзе добра!”

За мінулы тыдзень не было навінаў ад старшыні “Вясны” Алеся Бяляцкага

Дасылайце лісты ці паштоўкі Алесю і Валянціну:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Уладзімір Лабковіч: “Чытаю Фрэйда. Газеты. Пасля газетаў нават Фрэйд не дапамагае”

У апошніх лістах на волю юрыст “Вясны” Уладзь Лабковіч скардзіўся, што ў яго моцна баліць галава: доўгі час ён не мог нармальна спаць па начах, таму амаль не пісаў адказаў на лісты. Пасля таго, як праваабаронцу выдалі лекі, ён стаў пачувацца лепей.

Ён адзначае, што вялікая колькасць яго лістоў не даходзіць да адрасатаў: 

“Па ліку гэта хіба ўжо пяты ліст. Я вам ужо пісаў і пра свае татухі, і пра рок-музыку, пра вас. Так шкада, што столькі добрых словаў згубіліся мабыць незваротна. <…>

Шкада, што мае развагі пра “Порнафільмы” і “Гражданскую оборону” зніклі. Ну можа яшчэ пагаворым. Толькі б хоць лісты перасталі губляцца”. 

У астатнім Уладзімір Лабковіч адзначае, што нічога не мяняецца: 

“У мяне ўсё як і раней. Чытаю Фрэйда. Газеты. Пасля газетаў нават Фрэйд не дапамагае”.

Працягваецца акцыя “Не толькі Бродскі” ў падтрымку Уладзя Лабковіча

“У мінулым лісце я пісаў, што чарговы раз захапіўся вершамі Бродскага. Пачытайце “Письма римскому другу” і “Письмо генералу 2″. Як па мне гэта найлепшае, што сказана ў вершах”, – рэкамендуе Уладзь. 

А мы прапануем падтрымаць праваабаронцу і паўдзельнічаць у акцыі “Не толькі Бродскі”.

Для гэтага напішыце вашыя ўласныя вершы ці абярыце вершы розных аўтараў, размясціце іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або дашліце нам на пошту freeviasna@gmail.com. У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.

Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Жонка Леаніда Судаленкі: “Муж верыць, што рана ці позна ўсё павінна змяніцца, — і надыдзе пераломны момант”

Пасля вынясення прысуду жонка праваабаронцы Аксана Судаленка звярнулася ў Гомельскі абласны суд з просьбай аб спатканні ў надзеі, што крымінальная справа ўжо накіраваная туды для абскарджвання. Аднак ейную заяву перанакіравалі ў Цэнтральны суд г. Гомеля, дзе суддзя Сяргей Салоўскі, які вынес прысуд Леаніду, аператыўна даў згоду на спатканне. Жонка Леаніда Судаленкі распавяла, як прайшла сустрэча з мужам. 

Жонка Леаніда Судаленкі пра сустрэчу ў СІЗА: “Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць”

Палітзняволены кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка днямі сустрэўся з жонкай у СІЗА.

Жонка праваабаронцы адзначыла, што яго цікавіць усё, што адбываецца ў краіне, але ў Леаніда інфармацыйны вакуум: ён мала пра што ведае, таму што з газет атрымлівае толькі “СБ: Беларусь сегодня”, “Гомельскую праўду” і “Народную газету”, дзе няма ніякай актуальнай інфармацыі..

“Муж верыць, што рана ці позна ўсё павінна змяніцца, скончыцца — і надыдзе пераломны момант. Я ведаю свайго мужа, ён не пакіне гэтую палітычную справу ў адносінах да сябе — гэта дакладна. Бо ён любіць абараняць простых людзей, дапамагаць ім парадай, справай, усім чым заўгодна, думаю, ён і цяпер не застаецца ўбаку: пры любой магчымасці падкажа, як, каму і што трэба зрабіць. І тыя незаконныя палітычныя артыкулы, якія людзям былі інкрымінаваныя, і тая сітуацыя, у якой мы таксама аказаліся, — мой муж не пакіне ўсё гэта проста так і ўсёткі даможацца справядлівасці. Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць і верне яго сабе назад”.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёркі “Вясны” Таццяны Ласіцы

Падтрымайце Таццяну і Леаніда:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1АТаццяне Леанідаўне Ласіцы
Леаніду Леанідавічу Судаленку

Пра Марфу Рабкову ўзгадалі ў Міжнародны дзень жанчын-праваабаронцаў 

Праваабаронца “Вясны” Марфа Рабкова ажыццяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў у жніўні-верасні 2020 года, займалася дакументаваннем сведчанняў катаванняў і іншых відаў жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання за выбарамі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

Была затрыманая 17 верасня 2020 года і з тых часоў знаходзіцца ў следчым ізалятары.