Як зняволеным захаваць сваё здароўе за кратамі? І як змянілася стаўленне да пенітэнцыярных устаноў з хваляй палітвязняў, якія трапілі туды?

На гэтыя пытанні адказвае Васіль Завадскі – доктар, праваабаронца, які амаль чвэрць стагоддзя працаваў у медыцынскай службе пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. А цяпер ён з’яўляецца адным з лідараў праваабарончай ініцыятывы “Лекары за праўду і справядлівасць”.

З „Госцем Рацыі” размаўляла карэспандэнтка Беларускага Радыё Рацыя Ева Бардзілоўская:

РР: Ці адчуваеце вы, што інтарэс грамадства да здароўя людзей за кратамі падвысіўся?

– Я б сказаў, што безумоўна. Здароўя ды наогул тэма пазбаўлення волі людзей, якія там знаходзяцца, у сувязі з апошнімі падзеямі, непараўнальна змянілася. Мы бачылі, як гэта было яшчэ два гады таму і зараз. Што датычыць здароўя вы самы можаце бачыць, кожны можа бачыць у сродках масавай інфармацыі, амаль штодня з’яўляюцца паведамленні, што такія ёсць праблемы шмат у каго са зняволеных і баліць душа за гэта. Сапраўды гэта адно з самых істотных пытанняў – здароўе чалавека. Цікавасць да гэтай тэмы безумоўна ёсць, яна ўзрасла ў грамадстве.

РР: Ці адчуваеце, што змянілася стаўленне да не палітычных зняволеных?

– Вельмі слушна вы заўважылі, што ў большай часткі грамадства меркаванне, што турма не санаторый. Зараз, прынамсі ў актыўнай часткі грамадства, гэты стэрэатып змяніўся і гэта добра. Разам з гэтым мы бачым, што існуюць праблемы да агульнага стаўлення зняволеных, больш жорстка ў месцах пазбаўлення волі. З іншага боку я прадказваю, што такая вялікая колькасць не толькі палітзняволеных, але і ўсіх людзей, бо не ўсе ж прызнаныя палітзняволенымі, але і ўсіх людзей, якія трапляюць у месцы пазбаўлення волі, такія актыўныя людзі, адукаваныя людзі, не крымінальнікі па сваёй сутнасці, яно будзе, даруйце за такі выраз, але яно будзе пазітыўна ўздзейнічаць на саму пенітэнцыярную сістэму. Яе будуць гуманізаваць самы гэтыя людзі. З іншага боку я хацеў бы падкрэсліць, што супрацоўнікі, якія там працуюць, гэта такія ж сама людзі. Яны прыйшлі з нашага грамадства і не трэба думаць, што яны там усе звяры, нейкія пачвары. Так, шмат у каго прафесійная дэфармацыя, хто працуе ў пенітэнцыярнай сістэме. Усё ж такі мой досвед дазваляе казаць, што ў месцах пазбаўлення волі працуюць такія ж людзі. Абсалютнай большасці з іх, у тым ліку адміністрацыі ўстановы, дадатковыя праблемы не патрэбныя. Сітуацыя канешне вельмі складаная з аднаго боку, а з іншага боку, з гэтым трэба жыць і з гэтым трэба працаваць.

РР: Знаходжанне за кратамі пагаршае здароўе

– Скажам так, перабыванне за кратамі не спрыяе ўмацаванню і нават захаванню здароўя.

Ініцыятыва „Урачы за праўду і справядлівасць”, якую прадстаўляе Васіль Завадскі, узнікла не так даўно. Яна займаецца асветніцкай дзейнасцю. Таксама ў межах яе арганізуецца кансультатыўная медычная дапамога для пацярпелых беларусаў. А на старце сваёй дзейнасці „Урачы за праўду і справядлівасць” плануюць засяродзіцца на праблемах захавання права на здароўе ў месцах несвабоды Беларусі – там, дзе сядзяць людзі як з-за крымінальнага пераследу, так і адміністрацыйнага.   Кантакты ініцыятывы можна шукаць на сайце: https://doctorsby.com

Беларускае Радыё Рацыя