Палітвязень Анджэй Пачобут другі раз стаў журналістам году ў Польшчы. Гэта галоўная журналісцкая прэмія Польшчы.

У Польшчы адбылася ўрачыстая цырымонія Grand Press 2021, на якой Анджэя Пачобута прызналі «Журналістам году-2021». Гэта ўжо другое такое прызнаньне для журналіста, папярэдні раз яго ўзнагародзілі гэтай прэміяй у 2011 годзе, паведамляе Radio ZET.

Намесьнік галоўнага рэдактара Gazety Wyborczej Яраслаў Курскі, які атрымаў узнагароду ад імя Пачобута, сказаў, што сытуацыя з журналістам ёсьць «сьведчаньнем таго, што свабода слова ня мае цаны і не падлягае абмеркаваньню».

Таксама сёлета ў жніўні Пачобута завочна ўзнагародзілі ў Польшчы Мэдалём свабоды слова.

48-гадовы Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ). Прыйшоў у журналістыку ў 2002 годзе. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёмана»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі зь гісторыяй спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміі Краёвай.

Сёлета 25 сакавіка да Пачобута прыйшлі зь ператрусам і затрымалі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай турме. Таксама ў сакавіку затрымалі яшчэ трох актывістак польскай дыяспары і старшыню арганізацыі Анжаліку Борыс. Ім закідаюць «распальваньне нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыю нацызму».

Пазьней стала вядома, што Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У той жа час іншыя актывісткі — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская і Ганна Панішава — гэтай магчымасьцю скарысталіся, іх без дакумэнтаў, у парушэньне ўсіх правілаў, вывезьлі ў Польшчу.