Андрэй Аўсіевіч. Фота: Гродно-Лайф

У Гарадзенскім абласным судзе 8 снежня завяршыўся працяглы разгляд крымінальнай справы Андрэя Аўсіевіча. Дагэтуль яго вінавацілі у абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса і арт 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Пасля працяглага перапынку ў працэсе Аўсіевічу вылучылі новае абвінавачванне – распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК).

Дзяржабвінаваўца палічыла, што яго каментары ў Telegram-канале пра далейшы  лёс супрацоўнікаў міліцыі падпадаюць пад дзеянне артыкула аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або (ч.1 арт. 130 КК — да пяці гадоў пазбаўлення волі).

Справу разглядаў суддзя Мікалай Рачынскі, дзяржабвінаваўцай выступала пракурор Людміла Герасіменка.

Як пацярпелы фігураваў супрацоўнік міліцыі, участковы Максім Чарткоў.

26-гадовага Андрэя Аўсіевіча затрымалі 4 траўня. 3 жніўня яго пачалі судзіць за абразу міліцыянта.

 Паводле абвінавачання, у мінулым годзе Андрэй Аўсіевіч ў каментарах ў тэлеграм-канале «Гродна 97%» публічна абразіў прадстаўніка ўлады, мясцовага ўчастковага Максіма Чарткова.

Аўсіевічу выставілі абвінавачванне ў «пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў». Яго ўзялі пад варту ў траўні. Пры гэтым пракуратура і следства ўжо мелі на руках заключэнне экспертаў аб тым, што ў публічным меркаванні Андрэя Аўсіевіча ёсць негатыўныя ацэнкі, але няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што ён пагражаў супрацоўнікам міліцыі.

Але следства не толькі не прыслухалася да экспертаў, а наогул перакваліфікавала справу на «тэрарыстычны» артыкул (публічныя заклікі да здзяйснення акту тэрарызму, накіраванага на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Калі справу передалі ў пракуратуру, там таксама праігнаравалі высновы лінгвістаў і накіравалі яе ў суд.

Цягам судовага працэсу эксперт пацвердзіў высновы экспертызы і сведчыў на карысць падсуднага. Была прызначаная яшчэ адна экспертыза, але і яна засведчыла адсутнасць пагрозаў з боку Аўсіевіча. Тым не меней, пасля перакваліфікацыі злачынства на іншае – «распальванне варожасці», – Аўсіевіча ўсё адно асудзілі.

Суддзя Мікалай Рачынскі задаволіў прапанову дзяржабвінаваўцы Людмілы Герасіменкі і абвесціў прысуд: 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

spring96.org