9 снежня ў судзе Ленінскага раёну Гародні павінен быў пачацца судовы працэс па крымінальнай справе медыка Аляксандра Цялегі.

Яго вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

артыкул 369 – Знявага прадстаўніка ўлады;

артыкул 364 – Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў;

артыкул 391 – Знявага суддзі ці народнага засядацеля.

Суддзя на працэсе – Ганна Лявусік.

Аляксандр Цялега – доктар-нэўролаг другой катэгорыі, які мае стаж працы 18 гадоў. Раней скончыў ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Працаваў у расейскім Нарыльску.

Цялегу затрымалі ў Барысаве 3 траўня бягучага году. Ён якраз прыехаў у Беларусь на адпачынак да бацькоў з Расеі. Пасля затрымання Аляксандра Цялегу адразу ж завезлі ў гарадзенскую турму, дзе ён сядзеў цэлы гэты час. Праўдападобна, доктара пасля затрымання збілі, пасля чаго змусілі запісаць “пакаяльнае” відэа.

Пачаткова 41-гадовага лекара падазравалі і звінавацілі ў тым, што ён зімой пакідаў у Telegram абразлівыя каментары пра міліцыянтаў, супрацоўнікаў судоў і пракуратуры. На яго выйшлі аператыўнікі гарадзенскага ўпраўлення ўласнай бяспекі. Далей сілавікі чакалі, калі Цялега прыедзе ў Беларусь.

14 траўня гэтага году Аляксандр Цялега праваабарончай супольнасцю Беларусі быў прызнаны палітвязнем.