Напярэдадні Міжнароднага дня правоў чалавека распавядаем у храналогіі пераследу пра тых, каго ўлады схавалі за краты за тое, што абаранялі правы чалавека ў Беларусі, дапамагалі людзям і адкрыта заяўлялі пра бяспраўе ў краіне з боку беларускіх ўладаў, – Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч.

Справа супраць Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка

Марфа Рабкова. Фота: spring96.org

Палітзняволеная каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль 15 месяцаў – яе затрымалі 17 верасня 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. арт. 293 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне такой дзейнасці). За 14 месяцаў утрымання пад вартай да яго дадалося яшчэ дзесяць крымінальных артыкулаў. Днямі ёй выставілі канчатковае абвінавачванне па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, па якіх ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.

Акрамя пратэсных артыкулаў (арт. 293 і арт. 342 КК), ёй ставяць у віну некалькі так званых “вісякоў” (у жаргоне сілавікоў гэтым словам абазначаюцца шматгадовыя нераскрытыя злачынствы). З усіх удзельнікаў працэсу ўзятыя падпіскі аб невыдаванні, таму Рабкова лічыць, што суд будзе закрытым з-за адкрытых фальсіфікацый доказаў.

У СІЗА-1 Марфу паставілі на прафілактычны ўлік як “схільную да экстрэмізму”. Ёй не атрымліваецца дамагчыся там медыцынскай дапамогі. У канцы лістапада — пачатку снежня Марфа спрабавала дамагчыся прызначэння УГД, дзеля чаго напісала шэсць заяваў. Аднак пасля гэтага не было “ніякай рэакцыі”. Яна амаль губляе прытомнасць ад спазматычных боляў.

За гэтыя месяцы праваабаронца прайшла шмат выпрабаванняў: смерць бабулі ад каронавіруса, смерць бацькі ад раку і новыя абвінавачванні па сур’ёзных артыкулах. У жніўні Марфа перахварэла на каронавірус, за час арышту Марфа схуднела на 20 кілаграм.

Падтрымаць Марфу лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Марыі Аляксандраўне Рабковай

Чытаць пра Марфу апошнія навіны:

“Няма такіх прававых нормаў”. Марфе Рабковай блакуюць лісты і не даюць прайсці УГД

У палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай ізноў не атрымліваецца дамагчыся медыцынскай дапамогі, а ейныя лісты блакуюць праз згадванне ў іх выстаўленых крымінальных артыкулаў.

Валанцёра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Андрэя Чапюка затрымалі 2 кастрычніка мінулага году ў Мінску – праз два тыдні пасля затрымання Марфы. Яму адразу прад’явілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Днямі Андрэю было выстаўлена канчатковае абвінавачванне. Хлопца вінавацяць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) і апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК).Андрэй Чапюк. Фота з сацыяльных сетак

Андрэй, як і многія палітзняволеныя, сутыкаецца з ціскам у СІЗА. У ліпені, калі было асабліва спякотна, на Андрэя склалі рапарт аб парушэнні парадку за тое, што ён сушыў ручнік на дужцы нары. Пры гэтым, месцаў для сушкі ў камеры, акрамя адной маленькай батарэі, на усіх арыштантаў няма і яны вымушаныя сушыць свае рэчы, як атрымаецца.

Час у зняволенні Андрэй імкнецца праводзіць з карысцю для сябе: ён прачытаў 55 кніг, заканспектаваў тры агульныя сшыткі па кнізе па праграмаванні і навучыўся адціскацца на адной руцэ. 

Падтрымаць Андрэя лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Андрэй Сяргеевіч Чапюк

Чытаць гісторыю Андрэя:

Прачытаў 55 кніг і навучыўся адціскацца на адной руцэ. Чаго за год у СІЗА дасягнуў Андрэй Чапюк

Ягоная дзяўчына Алена распавядае: прага да ведаў і ўседлівасць заўсёды былі моцнымі бакамі хлопца.

Справа супраць Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца

Старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”, праваабаронца з 20-гадовым стажам Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай 18 студзеня па дарозе на працу ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). На волю пасля гэтага ён так і не выйшаў. Праз тры дні была затрыманая памочніца праваабаронцы Таццяна Ласіца, якую таксама змясцілі пад варту.

3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Гомеля распачаўся працэс над праваабаронцам “Вясны” Леанідам Судаленкам і валанцёркамі арганізацыі Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенка. Суддзя Сяргей Салоўскі вырашыў праводзіць суд у закрытым рэжыме.

Роўна праз два месяцы Леаніда Судаленку асудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Таццяну Ласіцу – да 2,5 гадоў калоніі. Для Марыі дзяржабвінавачванне запрасіла пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, хоць да суда яна знаходзілася на падпісцы аб нявыездзе. Яна вымушаная была з’ехаць з Беларусі ад пераследу.

Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК). Такімі дзеяннямі палічылі аплату штрафаў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, пошлін за звароты ў суд і дапамогу адвакатаў, заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак, эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за “беспарадкі”, семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў і іншае.

Сам Леанід Судаленка растлумачыў на судзе, што грошы на аплату штрафаў ён браў са сваёй французскай прэміі (у 2018 годзе праваабаронца атрымаў прэмію Французскай рэспублікі “Свабода — Роўнасць — Братэрства”, якая складалася і з грашовай узнагароды). Таксама ён дадаў, што грошы на штрафы дапамагалі збіраць беларусы.

Правядзенне семінару па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў склала аснову абвінавачвання Таццяны Ласіцы. Ёй інкрымінавалася арганізацыя семінару: яна замаўляла жыллё і харчаванне людзям, якія прыязджалі туды з іншых гарадоў.

Цяпер Леанід і Таццяна чакаюць у гомельскім СІЗА разгляду апеляцыйных скаргаў на прысуд.

Падтрымаць гомельскіх праваабаронцаў лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1АЛеаніду Леанідавічу Судаленку
Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Чытаць апошнія навіны пра Леаніда:

Жонка Леаніда Судаленкі пра сустрэчу ў СІЗА: “Нават калі яму давядзецца адседзець, ён усё адно сваё імя сумленнае абароніць”

Палітзняволены кіраўнік Гомельскага аддзялення “Вясны” Леанід Судаленка днямі сустрэўся з жонкай у СІЗА. Спатканне, якое ім далі, аказалася для сямейнай пары поўнай нечаканасцю.

Чытаць гісторыю Таццяны:

«Калі за кратамі такія, як Таня, свет перакуліўся» – сябры пра валанцёрку «Вясны» Таццяну Ласіцу

«Вясна» пагутарыла з сябрамі Таццяны Ласіцы, якія дапамаглі намаляваць яе партрэт. На ім жанчына з яснымі вачыма сядзіць сярод сваіх любімых архідэй, адной рукой лашчыць шэрага ката і пасміхаецца, таму што верыць: дабрыня і шчырасць заўсёды перамагаюць.

Справа супраць “Вясны”

Дзве масіўныя атакі на незалежныя медыі і праваабарончыя арганізацыя, у тым ліку “Вясну”, былі праведзеныя уладамі 16 лютага і 14 ліпеня бягучага года. У выніку іх адбылося больш за 50 ператрусаў у сябраў арганізацыі па ўсёй краіне, больш за 20 праваабаронцаў былі затрыманыя на розныя тэрміны для высвятлення абставінаў. Ператрусы праводзілі, у тым ліку, у межах крымінальнай справы па арт. 342 КК за “фінансававанне і матэрыяльнае забеспячэнне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Улады расцэньваюць любую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў як падахвочванне людзей да ўдзелу ў пратэстах. Менавіта ў гэтым і складалася прэтэнзіі дзяржавы да праваабаронцаў па гэтым артыкуле. Гэта агульная крымінальная справа супраць Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Вядома, што справа, узбуджаная супраць праваабаронцаў «Вясны» па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, аб’яднаная з новай крымінальнай справай за “нявыплату падаткаў”. Следчыя працягваюць і цяпер дапытваць сябраў арганізацыі і валанцёраў па фактах “фінансавання дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. 

Справа супраць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча

Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Калаж: svaboda.org

З 14 ліпеня гэтага году старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1. Той раніцай да іх і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. З тых часоў трое праваабаронцаў утрымліваюцца за кратамі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў).

Асноўная прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў – тое, што яны не зарэгістравалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”. З гэтага ўлады зрабілі вынік, што вясноўцы ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў, а значыць “здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку, якія падлягаюць падліку, утрыманню ў падаткаплацельшчыка і пералічэнню ў бюджэт падатковым агентам, шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш за 113 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў і пацягнула прычыненне шкоды дзяржаве ў буйным памеры”. 

Намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа, што яму незразумелая сутнасць абвінавачванняў.

Чытаць падрабязней пра крымінальную справу супраць трох вясноўцаў:

“Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам”: за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў

«Вясна» распавядае, у чым абвінавачваюць праваабаронцаў, хто вядзе крымінальную справу супраць іх і чаму пераслед нашых калегаў з’яўляецца палітычна матываваным.

Падтрымаць Алеся, Валянціна, Уладзя лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі
Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч
Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч

Як падтрымаць вясноўцаў?

“Нягледзячы на тое, што праваабаронцаў схавалі за краты, спосабаў іх падтрымкі існуе шмат. Мы прапаноўваем розныя варыянты, каб кожны змог выбраць больш зручны для сябе спосаб у меру сваіх магчымасцяў. Існуюць прамыя спосабы падтрымкі саміх вясноўцаў: напісанне лістоў салідарнасці ім у ізалятары, адпраўка пасылак і бандэроляў, грашовыя пераводы. Таксама ёсць шмат апасродкаваных спосабаў выказаць сваю салідарнасць: падпісанне петыцыі за вызваленне вясноўцаў, напісанне адкрытых лістоў, удзел у акцыях салідарнасці і распаўсюд інфармацыі. Кожны з гэтых спосабаў вельмі важны і неабходны. Міжнародны Дзень правоў чалавека – добрая нагода выказаць салідарнасць са зняволенымі праваабаронцамі, якія ўтрымліваюцца за кратамі па палітычных матывах за праваабарончую дзейнасць. Важна, каб Марфа і Андрэй, Леанід і Таццяна, Алесь, Валянцін і Уладзь ведалі, што ўсё недарэмна, што іх барацьба за правы чалавека ў Беларусі працягваецца нават цяпер”, – кажа праваабаронца “Вясны” Дзіяна Пінчук.

Падрабязней пра спосабы падтрымкі вясноўцаў:

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Даслаць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Падтрымаць палітзняволеных “вясноўцаў” можна па адрасам:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Аляксандр Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! 

4. Падпішы петыцыю за вызваленне “вясноўцаў”!

5. 17 верасня (у гадавіну затрымання Марфы Рабковай) мы запусцілі міжнародную кампанію ў падтрымку зняволеных “вясноўцаў” – #FreeViasna, у межах якой заклікаем далучацца да акцыяў салідарнасці па ўсім свеце.

6. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках. 

7. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі. У СІЗА-1 даслаць грашовы перавод можна толькі праз пошту, а вось у СІЗА-3 Леаніду Судаленку і Таццяны Ласіцы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. Вось дадзеныя:

СІЗА-3, Гомель
УНП: 490313877
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY31BAPB36429000005630000000

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org