Ілюстрацыя з сайта pinterest.com

10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

Аднак сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі толькі пагаршаецца. За 2020-2021 гады грамадзяне краіны спазналі столькі рэпрэсіі і розных формаў ціску з боку ўладаў, якіх дагэтуль не было за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.

На дадзены момант за кратамі знаходзіцца 907 палітвязняў, сярод якіх сем праваабаронцаў з “Вясны” – Алесь БяляцкіВалянцін СтэфановічУладзімір ЛабковічМарфа РабковаЛеанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.

Мы заклікаем усіх ахвочых і салідарных 10 снежня далучацца да акцый, якія будуць праходзіць у розных гарадах свету, павіншаваць “вясноўцаў” з Міжнародны днём правоў чалавека, а таксама напісаць цёплыя словы для іншых палітзняволеных.

Вільня, Літва

У Вільні 10 снежня ў 15.30 праваабаронцы “Вясны” запрашаюць сустрэцца ўсіх ахвочых і салідарных на Лукішскай плошчы, каб адсвяткаваць Міжнародны дзень правоў чалавека разам, узгадаць зняволеных праваабаронцаў і ўсіх палітвязняў, абмеркаваць магчымыя спосабы дапамогі ім і іх сем’ям. 

Пасля акцыі “Вясна” сумесна з хабам Imaguru арганізуе “Пошту салідарнасці” па падпісанні паштовак усім палітвязням краіны.

10 снежня можна прыйсці з 17 да 19 гадзін у салідарную прастору Imaguru і падпісаць паштоўкі ад “Майстэрні паштовак”, а праваабаронцы адправяць іх у беларускія турмы.

На мерапрыемстве праваабаронцы ў нефармальнай абстаноўцы за кубачкам цёплай гарбаты распавядуць пра важнасць Дня правоў чалавека для ўсяго свету, а таксама пра тое, што пісаць палітвязням у лістах салідарнасці і як яшчэ можна падтрымаць “вясноўцаў” за кратамі.

У гэты ж час у Imaguru будзе праходзіць хакатон Шчаслівай нацыі, мэта якога знайсці новыя ініцыятывы і праекты, накіраваныя на паляпшэнне ўзроўня жыцця беларусаў, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, аб’яднаць намаганні НКА-актывістаў, ментараў і спецыялістаў ІТ.

Уваход вольны, аднак абавязкова мець сертыфікат аб прышчэпцы і ахоўную маску.

Адрас: Вільнюс, вул. Віцянё, 18, 5 паверх. Пачатак мерапрыемстваў па мясцовым часе. 

Варшава, Польшча

Праваабаронцы “Вясны” і Беларускі Дом у Варшаве запрашаюць 10 снежня прыняць удзел у мерапрыемстве “Дзень Правоў Чалавека – 73-я угодкі прыняцця Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека”. 

Падчас акцыі будуць абмеркаваныя сітуацыя з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, кампанія салідарнасці з палітвязнямі.

Адрас: Варшава, Кракаўскае Прадмесце, каля помніка Мікалаю Каперніку. Пачатак у 17.00 (па мясцовым часе).

Тбілісі, Грузія

Праваабаронцы “Вясны” і беларусы Грузіі запрашаюць на акцыю ў падтрымку праваабаронцаў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах. 

“Цяпер у Беларусі не да законаў, а правы чалавека зусім нічога не значаць. Беларусы Тбілісі, давайце скажам РАЗАМ, што мы не РАБЫ і ў нас ёсць ЗАКОН і ПРАВЫ!”, – заклікаюць арганізатары 

Адрас: Тбілісі, плошча “Я ❤️ ТБИЛИСИ”. Пачатак у 16.00 (па мясцовым часе).

Кіеў, Украіна

10 снежня, у Дзень правоў чалавека, арт-паб “Торвальд” у Кіеве запрашае падтрымаць палітвязняў Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства змогуць адправіць лісты і падпісаць паштоўкі падтрымкі людзям у засценках, паўдзельнічаць у зборы сродкаў у падтрымку палітвязняў. З адпраўкай лістоў будзе дапамагаць ініцыятыва “Письма в клеточку”.

“Са жніўня 2020 года ў Беларусі тысячы людзей прайшлі праз арышты, сотні кінутыя ў турмы за свае перакананні. У многіх з нас пераследу падвергліся сваякі і знаёмыя.

Гэтым вечарам людзі, асабіста якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, падзеляцца сваімі гісторыямі. Выступяць беларускія праваабаронцы. Таксама вас чакае кінапаказ (фільм пакуль трымаем у таямніцы)”, – адзначаюць арганізатары мерапрыемства.  

Адрас: Кіеў, вул. Фраметоўская, 2 (ст. м. Дзямееўская), арт-паб “Торвальд”. Пачатак у 19.30 (па мясцовым часе).

Батумі, Грузія

11 снежня беларусы Батумі прапануюць жадаючым далучыцца да акцыі, прымеркаванай да Дня правоў чалавека. 

“Давайце выйдзем і нагадаем, што мы яднаныя, мы ведаем свае правы. Мы не супакоімся, не прымем вар’яцтва ў роднай краіне.

Гэтак жа падзякуем праваабаронцам і актывістам за бескарыслівую дапамогу і самааддачу”, – прапануюць арганізатары.

Адрас: каля фантану ўніверсітэта Батумі. Пачатак у 16.00 (па мясцовым часе).

https://spring96.org/