На 10 снежня – дзень сусветнай Дэклярацыі правоў чалавека – мінулыя гады можна было аналізаваць стан і сітуацыю ў Беларусі. Зараз гэта страціла ўсялякі сэнс, таму што прававое поле ў нашай краіне разбурана дарэшты, правы чалавека растаптаны, убітыя ў гразь пад ботамі людзей у форме і без пагонаў, якія служаць каму заўгодна, толькі не беларускаму народу. Юрыдычныя аспекты ў дзяржаве патрэбныя зараз вылучна для афармлення карных прысудаў, рэпрэсій і дзеянняў шматлікіх сілавых структураў, якія займаюцца здушэннем грамадзянскай супольнасці, неабыякавых людзей, «зачысткай» інфармацыйнай прасторы і апошніх грамадзянскіх правоў. Дзяржаўным органам, як было публічна заяўлена, зараз «не да законаў». Сённяшняя сітуацыя ўсё больш нагадвае 1930-ыя сталінскія гады альбо час рэпрэсій пасля разгрому вызвольнага паўстання 1863 года. Шмат чаго змянілася на еўрапейскай прасторы за апошнія стагоддзі. І толькі на нашай зямлі, як выклятай, нічога не мяняецца па вялікім рахунку, зачараванае кола круціцца з бязлітаснай паслядоўнасцю. Зноў беларусам у становішчы фактычнай акупацыі належыць даводзіць сваё права на духовае і фізічнае існаванне на сваёй жа зямлі.

Пасля таго, як разваліўся Савецкі саюз, у якім правы нацый, правы чалавека дэкляраваліся і гарантаваліся толькі на паперы, народы паняволеныя раней Масквой, уздыхнулі з палёгкай. Але толькі некаторым з іх – найперш краінам Балтыі (Эстоніі, Літве, Латвіі) удалося паўнавартасна вызваліцца з крамлёўскіх путаў. Маскоўская прапаганда дагэтуль ня можа дараваць гэта вольналюбівым балтам і цэлы час вядзе брудныя інфармацыйныя кампаніі супраць урадаў гэтых невялікіх дзяржаваў. Пра сярэдняазіяцкія былыя рэспублікі СССР гаварыць асабліва доўга ня варта – там зусім іншыя гістарычныя, ментальныя і менавіта ўсходнедэспатычныя традыцыі. А тое, што тамтэйшае панаванне мясцовых сатрапаў урэшце прыводзіць да дэградацыі і эканамічнага заняпаду яскрава відаць на прыкладзе Туркменістану. Пры ўсім багацці прыродных рэсурсаў і зусім нядаўнім нібыта «росквіце» гэтай краіны зараз там пад правадырствам сонцалікага туркменбашы надыходзіць ледзьве не голад. У беднасці і бяспраўі насельніцтва працягваюць існаваць Таджыкістан, Узбекістан, Казахстан. І толькі ў Кыргызстане сярод суседзяў больш-менш свабоднае грамадства.

Што датычыць імкнення Грузіі, Малдовы, Украіны збудаваць незалежныя і вольныя ад Масквы дзяржавы, то ім давялося заплаціць за гэта дарагую цану – і тэрытарыяльна, і эканамічна, заплаціць людскімі смерцямі і паламанымі лёсамі. А зараз расейская агрэсія ў розных формах зноў узрастае і канца ёй не відаць.

Які ж з Расеі саюзнік, добра відаць па апошняй азербайджана-армянскай вайне за тэрыторыі Нагорнага Карабаха. Чарговы раз армяне ў цяжкай сітуацыі маглі пераканацца ў «надзейнасці» маскоўскай падтрымкі. І тут нічога дзіўнага і новага. Яшчэ ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя тагачасны міністр замежных спраў Расеі Аляксей Лабанаў-Растоўскі казаў «Нам нужна Армения без армян». Гэтая дактрына маскоўскай палітыкі нязменная праз стагоддзі. Царская Расея ў Арменіі забараняла армянскія школы, закрывала армянскія храмы, нягледзячы на тое, што гэта таксама праваслаўная краіна, раззбройвала ў час першай сусветнай вайны армянскія вайсковыя фармаванні. У цяперашнім канфлікце Масква вяла свае інтрыгі і, праўдападобна, без узгаднення з ёй Баку не рабіў ніякіх дзеянняў. І гэта пры тым, што, нягледзячы на сяброўства крамлёўскага рэжыму з аліеўскай дыктатурай, Азербайджан як трывалы саюзнік эрдаганскай Турцыі, як сатэліт страчаны для Масквы назаўсёды. Зараз у выніку ваеннага канфлікту, Масква імкнулася скінуць недастаткова прарасейскага Нікола Пашыняна. Замяніўшы яго на якога-небудзь свайго стаўленніка кшталту Качарана. Праўда, не ўдалося, а многія армяне яскрава пераканаліся, чаго вартыя маскоўскія сяброўства і падтрымка.

Прасцей кажучы, Расеі патрэбныя Арменія без армянаў, Беларусь без беларусаў, Украіна без украінцаў. Імперскі дурман не дазваляе на рацыянальныя дзеянні расейскай палітыкі і былым народам Савецкага саюзу надалей трэба змагацца за сваю незалежнасць.

Уладзімір Хільмановіч