Гарадзенскага рок-музыку, шоўмэна, а цяпер палітвязня, Ігара Банцэра павінны вызваліць 17 снежня.

Адміністрацыя віцебскай “папраўчай установы”, дзе Ігар Банцэр адбывае тэрмін абмежавання волі, доўга не магла падлічыць, калі сканчаецца час яго зняволення.

Ажно да 15 снежня Ігар будзе сядзець у штрафным ізалятары. Усяго, пачынаючы са жніўня, музыка і грамадскі актывіст быў зняволены ў штрафным ізалятары амаль 80 сутак. Ціск адміністрацыі на Банцэра пачаўся летам пасля таго, як ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.

Напомнім, што лідара гурта Mister X Ігара Банцара судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня 2020 году, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўшыся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.

Пад вартай Ігар Банцар знаходзіўся з 20 кастрычніка. На самым пачатку судовага працэсу 3 сакавіка ён абвесціў сухую галадоўку. 19 сакавіка 2021 года суддзя Ленінскага раённага суду Наталля Козел прысудзіла Банцэру паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая “хімія”).