14 снежня ў Гародні ў судзе Ленінскага раёну пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе медыка Аляксандра Цялегі.

“Пацярпелы” міліцыянт, вядомы па многіх палітычных аналагічных працэсах, Дзмітрый Рахунок на судовае паседжанне не з’явіўся. Вядома, што ён запрасіў у суда маральную кампенсацыю – 3 тысячы беларускіх рублёў.

Іншай пацярпелай на працэсе праходзіць омоновка Вольга Краўцова.

Аляксандра Цялегу вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

артыкул 369 – Знявага прадстаўніка ўлады;

артыкул 364 – Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў;

артыкул 391 – Знявага суддзі ці народнага засядацеля.

Суддзя на працэсе – Ганна Лявусік.

Аляксандр Цялега – доктар-нэўролаг другой катэгорыі, які мае стаж працы 18 гадоў. Раней скончыў ваенна-медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэту. Працаваў у расейскім Нарыльску.

Цялегу затрымалі ў Барысаве 3 траўня бягучага году. Ён якраз прыехаў у Беларусь на адпачынак да бацькоў з Расеі. Пасля затрымання Аляксандра Цялегу адразу ж завезлі ў гарадзенскую турму, дзе ён сядзеў цэлы гэты час. Праўдападобна, доктара пасля затрымання збілі, пасля чаго змусілі запісаць “пакаяльнае” відэа.

Пачаткова 41-гадовага лекара падазравалі і звінавацілі ў тым, што ён зімой пакідаў у Telegram абразлівыя каментары пра міліцыянтаў, супрацоўнікаў судоў і пракуратуры. На яго выйшлі аператыўнікі гарадзенскага ўпраўлення ўласнай бяспекі. Далей сілавікі чакалі, калі Цялега прыедзе ў Беларусь.

14 траўня гэтага году Аляксандр Цялега праваабарончай супольнасцю Беларусі быў прызнаны палітвязнем.

Аляксандр Цялега