Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын ведае пра прысуджаную яму прэмію і перадае, што вельмі рады.

Журналіст з 12-га сакавіка знаходзіцца за кратамі, у Міжнародны дзень правоў чалавека атрымаў прэмію  „Журналіст года”, якую прысуджае беларуская праваабарончая супольнасць.

Атрыманне прэміі і яе значэнне каментуе маці вязня Людміла Івашына:

– Напэўна адзіная за апошні час такая радасць, што проста няма слоў яе выразіць. Канешне мы проста вельмі былі ўсцешаныя. Наколькі быў рады Дзяніс, я магу толькі сабе ўявіць. Прычым ён даведаўся раней, чым мы спрабавалі яму пра гэта паведаміць. Таму ён ужо выказаў сваю ўдзячнасць за такую высокую ацэнку яго працы. Прасіў усім перадаць прывітанне і вялізнае дзякуй за такую адзнаку. Канешне мы вельмі ўсцешаныя і вельмі спадзяемся, што ён працягне сваю працу з большым імпэтам.

Маці таксама кажа, што вось ужо тры месяцы ад сына няма лістоў:

– Не атрымалі ніводнага ліста, ніякай інфармацыі ад яго, акрамя таго, што расказвае адвакат пра яго самаадчуванне, пра яго здароўе і гэтак далей. З лістамі ўвогуле анекдатычна. Парушэнне ўсіх правоў і свабод, парушэнне іх уласных інструкцый, я маю на ўвазе турэмшчыкаў. Мы пішам скаргі з патрабаваннем патлумачыць, што адбываецца.

Па яе словах, пасылкі да сына амаль не даходзяць, толькі перадачы, якія маці і знаёмыя сям’і носяць штотыдзень. Пасылку дасланую Дзянісу Івашыну з-за мяжы, канфіскавалі.

Беларускае Радыё Рацыя