Прысуд Эдуарду Пальчысу абвесцяць 17 снежня а 12-й гадзіне.

Пра гэта паведаміла яго жонка Вікторыя.

Справу блогера разглядае Мінскі гарадскі суд. Блогера вінавацяць па чатырох артыкулах КК, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Вядома, што на суд прыехалі бацькі Эдуарда. Але ім не дазволілі нават памахаць сыну: патлумачылі, што «невербальныя знакі не дазволеныя». 

Калі ўвайшоў суддзя Пётр Арлоў, Пальчыс не стаў уставаць. Ён заявіў адвод усяму складу суда: і суддзі, і двум народным засядацелям.

Таксама адвакатка Пальчыса заявіла хадайніцтва аб змене меры стрымання для Эдуарда. Але суддзя Арлоў адхіліў і ўласны адвод, і хадайніцтва адвакаткі. Пасля чаго дзяржабвінаваўца прапанаваў зрабіць працэс закрытым. Гэта суддзя падтрымаў. 

Пальчыс выказаўся, што «не будзе ўдзельнічаць у цырку». Ён сказаў, што лічыць тое, што адбываецца, цыркам, а не судом, хацеў, каб яго выдалілі. Але суддзя не стаў выдаляць блогера.

Магчыма, адной з прычын закрыцця працэсу стаў будучы ўдзел у ім Рамана Пратасевіча. Па інфармацыі «Нашай Нівы», ён праходзіць па справе сведкам. Калі дакладна ён выступіць, у судзе пакуль невядома.