Суботні, восеньска-зімовы ранак 11 снежня 2021 года. У бацькоўскай хаце неспадзявана, як гром зімовай парою, прыляцела з Мінска сумная навіна. На 54 годзе жыцця спынілася неспадзявана сэрца нашага сябры Валодзі Паца. Нашага Валодзі — родам з Кнышэвіч, што на Сакольшчыне, беларуса сэрцам і духам, які ўсё сваё жыццё ахвяраваў беларускай справе.

З Валодзем пазнаёміліся мы ў час З’езду беларускіх студэнтаў у Бельску- Падляшскім у 1987 годзе. Прыехаў ён туды будучы студэнтам Сельска-тэхнічнай акадэміі ў Ольштыне, дзе штудзіраваў тэхналогію харчавання. Раней закончыў малочны тэхнікум у Беластоку. Пра з’езд даведаўся з «Нівы», якую купляў заўсёды на беластоцкім вакзале ў дарозе з дому ў вышэйшую школу. Для ўсіх нас з’яўленне Валодзі ў беларускім, студэнцкім руху было вялікай падмацоўкай і зарукай пашырэння беларускай ідэі. Фенаменальна сарганізаваў ён і актывізаваў у розных праявах ольштынскі гурток Беларускага аб’яднання студэнтаў. Умеў спалучаць сур’ёзнае з забаўляльным, так важнае ў маладосці. Фантазія і гумар — неад’емная частка Валодзінай тоеснасці. Нічога затым дзіўнага, што пераняў ён таксама на пэўны час кіраванне БАСам. Арганізаваныя ім паездкі ў Францыю, ці ў Гародню надоўга ўвайшлі ў непісаную, легендарную гісторыю маладых беларусаў Падляшша.
Легендарнай была яго гасціннасць і кулінарныя здольнасці. Кожны, хто з ім быў знаёмы, мае ў сваім эпізодзе жыцця некалькі гісторый, якія ўзрушаюць, цяпер проста выціскаюць слёзы з вачэй. Ніколі не забуду, калі, прыехаўшы да нас, студэнтаў, у Варшаву, прывёз сабраныя ім самім слімакі, каб пачаставаць імі гасцей на вяселлі сябры. А мы іх з’елі без адпаведнай тэрмічнай апрацоўкі. Лякарства на тое было адно, якім мы і з ахвотай пакарысталіся.
Калі ўжо Валодзя стаў карэспандэнтам Польскага радыё ў Мінску, нашы, беластачан, візіты ў беларускую сталіцу заўсёды завяршаліся начлегам і гасцінай у яго кватэры. Дзякуючы яму мы таксама ведалі падрабязнасці і скрываныя таямніцы кухні беларускай палітыкі. Ягоная кухня была мінскім палітычна-культурным салонам, дзе маглі тады яшчэ тусавацца ўлада з апазіцыяй. Пераходзячы да журналістыкі на пачатку 90-х гадоў, меў ён дзве асноўныя ўмеласці патрэбныя для гэтай прафесіі: натуральны крытычны апарат да бягучых падзей і асоб ды ўмеласць працаваць дзень і ноч, нягледзячы на ўсялякія абставіны. Не адзін і не два разы быў я сведкам ягонага прафесіяналізму як у карэспандэнцыях, так і ў пошуках тэм і ананімных крыніц інфармацыі.
Жывучы ў сталіцах, Мінску і Варшаве, сваё сэрца і душу адводзіў у родных Кнышэвічах. Тут пабудаваў новы дом перш за ўсё для сваіх бацькоў, а таксама як месца для сваёй будучыні. Памятаю, з якой радасцю і годнасцю паказваў мне новабудоўлю роду Пацаў. Важным яму было і тое, каб свайго малодшага брата Міраслава паслаць з Сакольшчыны на вучобу ў Бельскі беларускі ліцэй.
Жыццёвай праекцыяй мар і ўяўленняў быў ягоны шлюб з жонкай Таццянай 7 лістапада 1997 года, які меў месца ў чатырохкутніку Мінск — Гродна — Саколка — Беласток. Вянчаўся ў Гродне ў Барысаглебаўскай царкве (Каложы), адкуль праз беларуска-польскую мяжу пераехаў з маладой пад вэлюмам, а сам у афіцэрскай форме, па-мойму напалеонаўскай. Музычнае афармленне ягонай вясельнай цырымоніі ўзяў на сябе Віктар Шалкевіч. Такія былі часы і фантазія нашага Валодзі.

А цяпер, хаця заўчасна, то назаўжды вяртаешся, дарагі Валодзя, на сваю, родную Сакольшчыну, каб разам з бацькамі і продкамі весці бясконцыя гутаркі і запісваць іх на мікрафон для нябеснай бясконцасці. Але ж так не будзе хапаць мне тут і зараз Твайго голасу і слоў «Уладзімір Пац — Польскае радыё. Мінск».
Вечная памяць, дарагі сябра!
Яўген ВАПА