Пяць месяцаў як намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч утрымліваецца за кратамі ў СІЗА-1. Ужо тры тыдні вясновец з пнеўманіяй ляжыць у турэмным шпіталі, але, па яго словах, ідзе ўжо на папраўку. Свой ліст на волю праваабаронца напісаў 11 снежня – на наступны дзень пасля Міжнароднага дня правоў чалавека. У ім Валянцін павіншаваў ва святам вясноўцаў і выказаўся пра цяперашнюю грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі.

 “Учора было нашае прафесійнае свята – Міжнародны дзень правоў чалавека. Не ведаю, ці адзначылі вы яго неяк і ў якім настроі. Але мушу адзначыць, што ўсе гэтыя падзеі і ўсё, што з намі адбылося, яшчэ раз яскрава дэманструюць важнасць нашай місіі, важнасць для ўсяго нашага грамадства і ўсіх людзей. “Вясна” заўсёды была і застаецца адным з яскравых і важных арганізацый праваабарончай супольнасці. Мы стаялі каля вытокаў праваабарончага руху Беларусі ў 90-х, мы былі і застаемся на вастрыні, заўсёды з нашым народам. Вось і цяпер, нашая пасадка ў турму нішто іншае як адзнака нашай дзейнасці з боку існуючага палітычнага рэжыму. А для нас гэты крок – максімальная актуалізацыя праблемы палітвязняў. Пасадзіўшы праваабаронцаў у турмы, яны максімальна актуалізавалі гэтую праблему, цяпер яе не абмінеш. Так што, усё мы рабілі і робім правільна. Мы ж заўсёды з народам. Вось і цяпер мы побач з людзьмі – у турме. 

Азіраючыся назад, дух захаплівае ад зробленага намі, ад нашай шматгадовай упартай працы. Працы, якая часам выглядае безнадзейнай, але гэта толькі на першы погляд можа так паказацца. Таму ў наш прафесійны дзень, сябры, трымайце галовы высока ўзнятымі і ганарыцеся тым, што вы робіце!

Вы самыя лепшыя і вы ўжо гісторыя! Але гісторыя не толькі, якая ўжо была, а гісторыя, якая яшчэ будзе! Мы працягнем пісаць гэтую гісторыю разам! Так будзе, я ведаю гэта.

Ад сябе хачу павіншаваць вас усіх, мае любыя, з Міжнародным днём правоў чалавека, з нашым прафесійным святам. Хачу пажадаць вам аптымізму, веры, сілаў. Змрочныя часы адыдуць у нябыт. Мы ўсе сустрэнемся, моцна-моцна абдымемся і пакрочым сваёй дарагой”.

Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)