Палітвязень Ігар Банцэр учора не выйшаў з карцара. Пакаранне яму працягнулі да дня вызвалення з ПУАТ – да 17 снежня.

Палітзняволенага рок-музыканта Ігара Банцэра з 25 лістапада ўтрымліваюць у карцары за розныя “парушэнні”. Учора ён павінен быў выйсці, але яго зноў пакаралі двума суткамі ў карцары. Ужо заўтра, 17 снежня, Банцэру сканчаецца тэрмін пакарання, і ён павінен выйсці на волю.

Напомнім, што лідара гурта Mister X Ігара Банцара судзілі за вулічны перформанс, які ён здзейсніў у ноч з 4 на 5 верасня 2020 году, танцуючы ў ружовых шортах перад міліцэйскай машынай, а потым скінуўшы шорты і застаўшыся ў стрынгах. Пазней яму інкрымінавалі артыкул 339 Крымінальнага кодэксу.

Пад вартай Ігар Банцэр знаходзіўся з 20 кастрычніка. На самым пачатку судовага працэсу 3 сакавіка ён абвесціў сухую галадоўку. 19 сакавіка 2021 года суддзя Ленінскага раённага суду Наталля Козел прысудзіла Банцэру паўтары гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая “хімія”).