Беларускі грамадска-культурны дзеяч, лекар, вязень савецкіх канцлагераў Мікалай Марцінчык нарадзіўся 16 снежня 1901 года ў вёсцы Кубельнікі (Бераставіцкі раён).

Паходзіў з сялянскай сям’і. У Масалянскай царкоўна-прыходской школе атрымаў пачатковую адукацыю. У час Першай сусветнай вайны разам з бацькамі быў у бежанстве. Там скончыў 5 класаў гімназіі ў Чыстопалі Казанскай губерні. Пасля вучыўся ў Гродзенскіх руска-польскай і беларускай гімназіях. Паступіў на медыцынскі факультэт у Вільню. У час вучобы ва ўніверсітэце стаў кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, рэдагаваў «Студэнцкую думку», супрацаваў з рознымі беларускімі газетамі, займаўся дабрачыннасцю.

З 1921 па 1938 г. сябра Прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта. Стаяў ля вытокаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1925 г. удзельнічаў у Гданьску ва ўстаноўчым з’ездзе БСРГ. Працаваў у розных рэдакцыях газет Грамады. З 1925 г. сакратар, а з 1934-га – намеснік старшыні Галоўнай управы ТБШ. Прычыніўся да стварэння 12 акруговых упраў ТБШ, спрыяў стварэнню гурткоў, беларускіх клубаў і бібліятэк у вёсках. Бараніў правы беларусаў на свае школы. Пасля заканчэння ў 1927 г. універсітэта ў Вільні пакінуты ардынатарам у педыятрычнай клініцы, меў прыватную практыку, адначасна быў інспектарам ад ТБШ і выкладчыкам у Віленскай беларускай гімназіі.

У час выбараў у Сейм 1927-28 гг. у кватэры Марцінчыка быў выбарчы штаб. З Ігнатам Дварчанінам рэдагаваў газеты «Наша праца», «Думка працы». Двойчы быў кандыдатам у паслы Сейма, паліцыя двойчы яго арыштоўвала, сядзеў некалькі месяцаў у Лукішскай турме. У лістападзе 1931 года правёў чарговы з’езд у апошняй акруговай арганізацыі ТБШ. Пазней улады выслалі Марцінчыка з Вільні без права вяртання. У Ялоўцы Ваўкавыскага павета (па іншых звестках – Нараўцы Гайнаўскага павета) дасведчаны лекар і грамадскі дзеяч стаў аўтарытэтнай асобай, працягваў супрацаваць з ТБШ. У красавіку 1934 г. узначаліў сельскі шпіталь у Нараўцы. Нават пад наглядам паліцыі ён наведваў па справах ТБШ Вільню і Варшаву. У 1934 г. зноў быў абраны сябрам Галоўнай управы. 2-ю сусветную вайну і прыход савецкіх войскаў у 1939 г. сустрэў у Нараўцы, дзе працаваў лекарам. У 1941 г. апекаваўся савецкімі параненымі. Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга. Быў арыштаваны немцамі нібыта за дапамогу былым параненым жаўнерам, якія пакінулі шпіталь і сышлі да партызанаў. Доказаў не знайшлося, таму яго выпусцілі з-пад варты, дазволілі пераехаць у Белавежу і адкрыць там амбулаторыю.

У 1944 г., пасля блакады і баёў, партызанскаму атраду імя Каліноўскага, якім кіраваў Аляксей Карпюк, былі патрэбны лекі і бінты, чым Марцінчык і дапамагаў, рызыкуючы жыццём. У 1944 г. з жонкай пераехаў у Гродна. Працаваў у дзіцячым шпіталі і адначасна выкладчыкам фармакалогіі ў фармацэўтычнай школе ў гарадскім аддзеле аховы здароўя. З 1944 г. галоўны доктар інфекцыйнага шпіталю, таксама быў педыятрам у абласной клініцы і лекарам у санітарнай авіяцыі. Арыштаваны органамі МГБ у 1948 г., асуджаны на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Высланы ў Варкуту. Там працаваў доктарам у лагерным шпіталі. Быў датэрмінова вызвалены 31 кастрычніка 1955 г. Змог уладкавацца ўрачом-педыятрам у Гродзенскі Дом дзіцяці. Пасля палітычнай рэабілітацыі яго прызначылі загадчыкам аддзялення абласнога клінічнага шпіталя, адкуль ён у 1965 г. пайшоў на пенсію. Памёр Мікалай Марцінчык 23 траўня 1980 года ў Гродне. Пахаваны ў Алекшыцах.