Актывісты з Бярозаўкі Андрэй Ашурак і Сяргей Пантус тэрмінова пакінулі Беларусь. Вядома, што яны даведаліся, што іх плануюць пасадзіць на вялікі тэрмін.

«Нам паступіла інфармацыя, што няважна якім чынам, няважна за што, але мы павінны сесці надоўга», — камэнтуе Сяргей Пантус. Апошнімі днямі да жыхароў Лідчыны сталі прыходзіць сілавікі ў межах крымінальнай справы, якую завялі неўзабаве пасля прысуду Вітольду Ашурку — за тое, што людзі выгукнулі ў залі «Ганьба» (артыкул 339 КК Беларусі «хуліганства»).

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што тыя, хто раней праходзіў па справе сведкамі, сталі падазраванымі. Брат Вітольда Андрэй Ашурак праходзіў па гэтай справе сведкам. Да яго дадому таксама напярэдадні прыходзіла міліцыя.

Актывісты з Бярозаўкі змагаліся за вырашэнне экалагічных праблем у рэгіёне. Яны ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі Вітольда Ашурка на парламенцкіх выбарах. Усталёўвалі крыжы і помнікі паўстанцам Кастуся Каліноўскага.

Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах сёлета ў траўні. Пасля пратэстаў 2020 году яго асудзілі на 5 год калоніі. У Бярозаўцы засталася 83-гадовая маці Вітольда і Андрэя Ашуркаў Алена Міронаўна.