Брат Вітольда Ашурка Андрэй расказаў Беларускаму Радыё Рацыя пра тое, ці цяжка было перасекчы мяжу, і ці лічыць ён, што Вітольда забілі наўмысна.

РР: Чаму такое рашэнне, пакінуць Беларусь?

– На жаль мусіў. Рашэнне было прынятае хутка. Раней я нават не разглядаў таго, каб пакінуць нашую краіну, але паступіла інфармацыя ад людзей, якія заслугоўваюць даверу, што быць тут мне і нашым сябрам небяспечна. Зноў была распачатая крымінальная справа нібыта пра хуліганства на судзе над Вітольдам Міхайлавічам, маім братам. Інфармацыя была такая, што былі названыя імёны і прозвішчы: мае і нашых сяброў – гэтыя людзі павінны сядзець, не важна за што і як. Таму не было часу, мы падумалі і ў сям’і, і з сябрамі, і прыйшлі да высновы, што трэба пільна ехаць.

РР: Ці складана выбрацца з Беларусі, перасекчы мяжу?

– Ведаеце, атрымалася гэта зрабіць абсалютна законным шляхам: праз мяжу, праз прапускны пункт, што для нас нават было неяк няёмка. Мы лічылі, што тут у нас шанцаў будзе 50/50, таму мы нават трохі здзівіліся, калі мы спакойна праехалі. Але вядома, што не хацелася на сабе правяраць, ці сапраўдная гэта была інфармацыя, бо пазней шанцаў выехаць не было б у прынцыпе.

РР: 21 траўня 2021 года родным па тэлефоне паведамілі з калоніі, што Вітольд Ашурак памёр праз спыненне сэрца. Вы як брат, напэўна, ведаеце больш, ці раней у яго былі праблемы з сэрцам? – Праблем у яго не было не тое што з сэрцам, праблем са здароўем у яго ўвогуле не было. Я не думаю, што гэта праблема са здароўем, я думаю, што гэта тыя ўмовы, у якіх ён апынуўся. Гэта ўмовы, у якіх немагчыма выжыць. Гэта сістэма яго забіла.