Гарадзенскі журналіст, палітвязень Анджэй Пачобут рыхтуецца да суда.

dav

Пра гэта ён напісаў у лісце да сваёй калегі з Глыбокага Таццяны Смоткінай. У сярэдзіне снежня Таццяна атрымала ад яго ліст, у якім ён піша пра сваё жыццё за кратамі і ўзгадвае Глыбокае як атмасфернае мястэчка з цікавай гісторыяй.

Паводле Таццяны Смоткінай, гэтая вестка для яе была вельмі радаснай, бо яна ўжо думала, што яе паштоўкі-лісты не даходзяць да адрасатаў:

– Шчыра кажучы, я ўжо не спадзявалася, што сёлета я атрымаю адказ. Я чамусьці думала, што ўсе нашыя паштоўкі, лісты выкідваюць і яны не даходзяць да палітзняволеных, таму, канешне, я вельмі ўзрадавалася, калі атрымала першы ліст ад майго паважанага калегі Анджэя Пачобута, з якім добра знаёмая. І, канешне, гэта дае надзею на тое, што і далей трэба ўсё ж такі пісаць. Бо вельмі важна ў наш час быць салідарнымі і хоць нечым падтрымліваць людзей, якім вельмі цяжка, якія знаходзяцца за кратамі.

Як кажа Таццяна Смоткіна, палітзняволены Анджэй Пачобут піша, што цяпер ён рыхтуецца да суда, хоць па-ранейшаму яго дата невядомая, і ўсё сведчыць пра тое, што быць яму там вельмі доўга. Але нягледзячы на гэта, настрой у яго бадзёры і ён не губляе веры ў тое, што ўсё ў Беларусі будзе добра.

Беларускае Радыё Рацыя