У спіс палітвязняў у Беларусі праваабаронцы дадалі шэсць прозвішчаў. Гэта — Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Таццяна Карповіч, Руслан Кузьміч і гарадзенец Андрэй Аўсіевіч. Агулам палітвязняў у нашай краіне цяпер 933. Праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Напомнім, што Аўсіевічу выставілі абвінавачванне ў «пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў». Яго ўзялі пад варту ў траўні. Пры гэтым пракуратура і следства ўжо мелі на руках заключэнне экспертаў аб тым, што ў публічным меркаванні Андрэя Аўсіевіча ёсць негатыўныя ацэнкі, але няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што ён пагражаў супрацоўнікам міліцыі.

Але следства не толькі не прыслухалася да экспертаў, а наогул перакваліфікавала справу на «тэрарыстычны» артыкул (публічныя заклікі да здзяйснення акту тэрарызму, накіраванага на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Калі справу передалі ў пракуратуру, там таксама праігнаравалі высновы лінгвістаў і накіравалі яе ў суд.

Цягам судовага працэсу эксперт пацвердзіў высновы экспертызы і сведчыў на карысць падсуднага. Была прызначаная яшчэ адна экспертыза, але і яна засведчыла адсутнасць пагрозаў з боку Аўсіевіча. Тым не меней, пасля перакваліфікацыі злачынства на іншае – «распальванне варожасці», – Аўсіевіча ўсё адно асудзілі.

Суддзя Мікалай Рачынскі задаволіў прапанову дзяржабвінаваўцы Людмілы Герасіменкі і абвесціў прысуд: 3,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.