Уезд у Польшчу без каранціну – толькі пры наяўнасці адмоўнага тэсту на каронавірус, нават пры наяўнасці сертыфікату пра вакцынацыю – нагадваюць памежныя службы.

З 15 снежня бягучага года і па 31 студзеня наступнага года Польшча змяніла правілы ўезду ў сувязі з пандэміяй. Найперш гэта датычыць асоб, якія прыязджаюць з краін, што не ўваходзяць у шэнгенскую зону, а гэта значыць і з Беларусі.

Кажа прэс-сакратар Падляшскага аддзялення памежнай аховы, маёр Катажына Здановіч:

– Калі казаць пра асоб, якія жадаюць уехаць у Польшчу з краін па-за шэнгенскай зоны, то яны павінны мець адмоўны тэст на каронавірус, тэст павінен быць зроблена не пазней 24 гадзін на момант перасячэння мяжы. Ад гэтага вызвалены толькі асобы, якія выконваюць прафесійныя абавязкі, кіраўцы вялікагрузаў, машыністы цягнікоў і інш.

Пры адсутнасці тэсту і сертыфікату, які пацвярджае поўны курс вакцынацыі, але вакцынамі, зацверджанымі ў Еўразвязе, грамадзяне трапляюць у Польшчы на 14-дзённы каранцін. Вызваліцца з каранціну можна толькі на восьмы дзень, здаўшы тэст на каронавірус і атрымаўшы негатыўны вынік. Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя