21 снежня 1981 года – 40 гадоў таму – у Празе памёр беларускі спявак, грамадскі дзеяч Міхась Забэйда-Суміцкі.

Дакладнае месца нараджэння Міхася Забэйды-Суміцкага невядомае. Сам ён расказваў, што нарадзіўся ў адной з трох мясцовасцяў – вёска Несцеравічы, Свіслацкі раён, па іншай інфармацыі вёска Шэйпічы, Пружанскі раён ці Падароск, Ваўкавыскі раён.

Пасведчанне асобы

Ахрышчаны быў у Сядзельніцкай царкве, што на Ваўкавышчыне. Двайное прозвішча ўзяў ужо ў сталым веку ад бацькі Івана Забэйды і маці Аляксандры Суміцкай. Дзяцей у сям’і было сямёра, але выжыў толькі Міхась, брат Валодзя памёр ад сухотаў у 22 гады. Калі Міхалу было паўтара году, памёр бацька. Гадоў з васьмі Міхась пачаў працаваць у панскім маёнтку. Скончыў Зельзінскую аднакласную школу, потым двухкласную царкоўна-прыходскую вучэльню ў Галоўчыцах. У 1914 годзе паступіў ў Маладэчанскую настаўнікую семінарыю. Праз год у час вайны яна эвакуявалася ў Смаленск, скончыў яе ў 1918 годзе і паехаў працаваць у Сібір. Жыў каля Барнавулу, ствараў хоры і драматычныя гурткі.

У Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі

У 1920 годзе спявак апынуўся ў Харбіне, дзе пачаў вучыцца музыцы. Паспяхова скончыў юрыдычны факультэт Харбінскага расійскага ўніверсітэту. Аднак жыць без спеваў не змог і замест месца ў асістэнтуры зрабіўся салістам Харбінскай оперы. За тры гады ў Харбінскай оперы выканаў 15 класічных партыяў, прычым нязменна спяваў на мове арыгіналу. Працаваў яшчэ і ў школе.

У 1932 годзе беларускі спявак пераехаў у Італію ў Мілан. Вучыўся ў маэстра Фэрнанда Карпі, які раней канкураваў з Карузам і іншымі славутасцямі. Паспяхова выступаў у Міланскай оперы, на сцэне “Ля-Скала”. Але ў гэты час спявак атрымаў з Шэйпіч вестку, што ягоная маці, з якой ён не бачыўся 16 гадоў, моцна хварэе і хоча з ім сустрэцца. Так у 1935 годзе Міхась Забэйда-Суміцкі пераязджае ў Заходнюю Беларусь. Цягам двух гадоў выступае ў беларускіх гарадах, па ўсёй Польшчы і ў суседніх краінах. Яго першы канцэрт з нагоды прыезду на Бацькаўшчыну адбыўся ў Ружанах. У канцэрце сярод класічных твораў прагучала і беларуская калыханка. 

На 1935-1936 гады спявак заключыў кантракт з Познаньскім оперным тэатрам. Канфлікт там паўстаў на глебе нацыянальнага пытання: Міхась Забэйда-Суміцкі ніяк не жадаў называць сябе вялікім польскім спеваком, прызнаючы толькі адно права – быць беларускім. На другі год спявак ад далейшай супрацы з тэатрам адмовіўся і пераехаў у Варшаву. У 1936 годзе прэзэнтацыі класічнага беларускага рэпертуару адбыліся ў культурнай сталіцы Вільні па запрашэнні Рыгора Шырмы. З 1937 года Забэйда-Суміцкі працаваў салістам на Варшаўскім радыё, потым – салістам Народнага тэатра ў Празе. Змушаны быў канцэртаваць, не маючы сродкаў да жыцця. Пазней яшчэ выкладаў спевы ў музычнай акадэміі.

З хорам Рыгора Шырмы, Вільня, 1938 год

У 1963 годзе канцэртаваў у розных гарадах Беларусі. У 1968 годзе запісаў грампласцінку з беларускімі народнымі песнямі. Меў выключны, вельмі прыгожага тэмбру голас, яркую сцэнічную знешнасць, акцёрскі талент. Спяваў на 16 мовах, а цягам аднаго канцэрту нярэдка выконваў песні на дзесяці мовах, прычым ніколі не дазваляў сабе зазіраць у тэксты.

Пласцінкі з песнямі, 1965 і 1968 гады

Увесь час марыў вярнуцца ў Беларусь, хацеў дажыць век на роднай зямлі. Але саветы не дазволілі. Памёр у Празе.

Пасля Другой сусветнай вайны Міхася Забэйду-Суміцкага толькі адзін раз, падчас хрушчоўскай адлігі ў 1963 годзе, запрасілі ў Савецкую Беларусь. Апекуны спевака клапаціліся, каб у касах практычна не было квіткоў, і тады ў паўпустыя залы прыводзілі салдат тэрміновай службы. І ўсё-ткі гэта быў проста фурор: аншлагавыя канцэрты адбыліся ў Менску, Гародні, Ваўкавыску, Слоніме, Лідзе, Баранавічах, Віцебску, Магілёве і Гомелі.

Пахаваны на Альшанскіх могілках. На магіле помнік з напісам на чэшскай і беларускай мовах.

Магіла спевака

Свой багаты архіў Забэйда-Суміцкі разам з бібліятэкаю паводле запавету пакінуў Беларусі. У гонар славутага спевака названа вуліца ў Маладэчне. У вёсцы Шэйпічы на Пружаншчыне ўстаноўлены камень з мемарыяльнай шыльдай.

Камень у Шэйпічах