За намі чарговыя дні, тыдні, месяцы, гады зямнога прамінання на фоне штораз большых выклікаў, якія бурляць вакол нас. Аж цяжка здагадацца, што кожнаму з нас ёсць тым самым найцяжэйшым.

У кожнага свой лёс, свая гісторыя, свае выпрабаванні. Тут ковідная зараза, тут сямейныя хваробы, чэргі да лекараў. Там інфляцыя, што ўжо прынесла скачок цэн. Але ў 2022 годзе разам з цэнамі кошт электраэнергіі і газу можа забалець кожнага з нас яшчэ мацней. Здавалася зусім нядаўна, што маючы пяцьдзясят злотых можам зрабіць пакупкі, якія дазволяць набыць яду на некалькі дзён. Сёння бачыш, што за пяцідзесяцізлатовую купюру купіш столькі, што вернешся дахаты амаль з пустой сумкай. Людзі па некалькі разоў аглядаюць цэны і перапытваюць прадаўцоў, што падаражэла з асноўных прадуктаў харчавання. Знаёмыя ўласнікі невялікіх крамаў распавядаюць, што перад гэтымі святамі ўжо абмяжоўваюць колькасць заказваных тавараў вышэйшай якасці.
Людзі разумеюць, што каб пражыць, ад умоўнага першага да першага, трэба ашчаджаць і адмаўляцца ад усяго. Гэткі настрой вельмі ярка адлюстраваўся ў атрыманай мною на днях смс-графіцы. Пакупнік кажа прадаўцу: «Дайце пачак масла». У адказ прадавец пытаецца: «Ці запакаваць на падарунак?» Сумны гумар з вялікай доляй рэальнай праўды пра наш рынак, на якім усе яго сегменты моцна разагрэты інфляцыйным ростам цэн.
Пры тым таксама наглядаем за нястачай многіх кампанентаў і фінальных прадуктаў, на якія прыходзіцца чакаць тыднямі і нават месяцамі.Той, хто рашыўся на тэхнічныя інвестыцыі са сталлю, ці будаўнічымі матэрыяламі, заломвае рукі і думае, якім чынам атрымаць крэдыт у банку, каб пакрыць непрадбачаную розніцу ў спланаваных раней выдатках. А з чаго потым сплачваць чарговыя раты пазыкі, калі і яшчэ адсоткі зараз узрастаюць з кожным месяцам? Маладыя глядзяць, як проста да шаленства накруцілася спіраль цэн на кватэры. Мары пра іх набыццё адлятаюць так хутка, як касмічныя караблі, адарваўшыся ад Зямлі.
Здаецца, што шматвяковая сістэма апірышча чалавечага жыцця і развіцця дзякуючы прыватнай уласнасці і сваёй маёмасці, стане хутка толькі недасяжным прывілеем для жменькі ўладароў і спекулянтаў гэтага свету, якім заманулася поўнае падпарадкаванне чалавецтва — таксама народаў і дзяржаў. Нічога ўласнага і адчування думання ў такіх катэгорыях, гэта таксама відавочны ідэалагічны пасыл, якім зараз апрацоўваюцца мазгі асабліва маладым людзям. Усё на пракат, крэдыт і без традыцыйных каштоўнасцей. Без чалавечай уласнасці няма і адказнасці, так той асабістай, як і грамадска-дзяржаўнай. Проста можна быць толькі заложнікамі і вечнымі наймітамі. А можна стаць толькі ўжо нявольнікамі недалёкай будучыні, якімі будуць гандляваць і прадаваць у розных камплементарна-кліматычных ці антызвярыных пакетах. Адзін толькі Бог яшчэ ведае, у якіх прыдуманых ашуканствах і шантажах. Але як прыгледзецца ўважліва, то каб адвесці ўвагу і адшукаць месца для Бога, то ў так праектаванай утопіі новага чалавека і грамадства месца Яму не прадбачваецца.
Гісторыя бесчалавецтва ўсіх камуністычных і нацысцкіх ідэалогій цягам гісторыі аж надта выразна знішчала асновы міжчалавечых суадносін ва ўсіх яе вымярэннях. А калі ўзгадаем неад’емна з імі спалучаныя і, на жаль, здзейсненыя гэтак званыя «культурныя рэвалюцыі», то ўсе згадкі пра такога кшталту змены выклікаюць у мяне трывогу за будучыню роду чалавечага. А тут яшчэ як не бач за нашымі плячыма ўспыхнула гібрыдная вайна з эмігранцкім крызісам. І загасцявала, як здаецца, надаўжэй на беларуска-польскае памежжа. А ў самой Беларусі надалей лютуе дыктатар, які хоча бязлітасна забіць беларускую надзею для роднай мовы, гісторыі, культуры сваёй незалежнай дзяржавы.
Асабістыя, сямейныя, нацыянальныя справы накладаюцца штодзённым цяжарам на нашы плечы і душы. І часамі ўжо не ўцяміць, у якой рэальнасці прыходзіцца нам выжываць і знаходзіць у сябе сілы для надзеі на тое лепшае і светлае. Таму нягледзячы на ўсё благое, мне проста надалей верыцца, што святы Ражджаства Хрыстовага і новы 2022 год абдораць яшчэ ўсіх нас верай, надзеяй і любоўю.
Яўген Вапа
