Суд Ваўкавыскага раёна скончыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні адразу пяцёх жыхароў гарадскога пасёлка Краснасельскі Гарадзенскай вобласці, якіх звінавацілі ў “апаганьванні будынкаў і паклёпе на чальцоў выбаркама”.

Малявалі “Пагоню” і расклейвалі ўлёткі з інфармацыяй пра членаў выбаркама

Самаму маладому абвінавачанаму 34 гады. Гэта Ігар Вераціла – працуе майстрам змены на “Краснасельскбудматэрыялы”. Яму інкрымінавалі артыкул 341 КК Беларусі «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Аналагічнае “злачынства” інкрымінавалі і 40-гадоваму Андрэю Паппо – намесніку галоўнага механіка “Краснасельскбудматэрыялы”.

Электраманцёра «Краснасельскбудматэрыялы» 42-гадовага Віталя Седляра звінавацілі ў злачынстве паводле артыкула 188 КК – «Паклёп».

Яшчэ дваіх абвінавачаных – 41-гадовага праграміста Сяргея Капліча і 43-гадовага вядучага інжынера-канструктара “Краснасельскбудматэрыялы” Алега Касілу – судзілі адразу паводле двух вышэйзгаданых артыкулаў Крымінальнага Кодэкса Беларусі – 188 і 341.

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейкадзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў Яўген Кізялевіч. Ад адвакатаў абвінавачаныя адмовіліся. Свае правы на судзе яны баранілі самы.

Паводле версіі следства, ноччу 10 кастрычніка мінулага года ў гарадскім пасёлку Краснасельскі Сяргей Капліч, Алег Касіла, Ігар Вераціла і Віталь Паппо, «маючы намер і мэту на апаганьванне і псаванне маёмасці, выкарыстоўваючы загадзя падрыхтаваныя кардонныя трафарэты вершніка з мячом на кані ў выглядзе герба «Пагоня», а таксама фарбу эмаль-аэразоль чырвонага колеру, дэманструючы сваё нігілістычнае стаўленне да прыстойных каштоўнасцяў грамадства»намалявалі «Пагоню» на пад’ездах 18 дамоў на вуліцах Рабінавая і Будаўнікоў, на сцяне мясцовай паліклінікі, а таксама на на тарцах «Еўраопта» і атэлье па рамонце абутку.

Шкода, якую сваімі дзеяннямі нанеслі абвінавачаныя, паводле следства склала 185 рублёў і 37 капеек.

Па версіі дзяржабвінавачання, паклёп у дачыненні да членаў выбаркама палягаў у тым, што акрамя асабістых дадзеных пацярпелых, на ўлётках быў напісаны наступны тэкст: «Дошка ганьбы! Хто прымаў удзел у фальсіфікацыі выбараў і скраў нашы галасы! Паглядзіце ўважліва і запомніце, з кім побач мы жывем, хто з’яўляецца памагатым улады, якая збівае і забівае невінаватых жыхароў нашай краіны. Падумайце, калі б яны не лічылі, то ў Беларусі забівалі б і збівалі людзей? Гэтыя людзі вам хлусілі, ім нельга давяраць, яны жывуць побач».

Улёткі з гэтым тэкстам абвінавачаныя расклейвалі на дошках аб’яў у дамах па вуліцах Пралетарская, Школьная і Будаўнікоў.

22 снежня Суд Ваўкавыскага раёна абвесціў прысуд па справе Сяргея Капліча, Алега Касілы, Віталя Сядляра, Ігара Верацілы і Андрэя Паппо. Усіх фігурантаў справы прызналі вінаватымі ва ўчыненных злачынствах.

Сяргею Каплічу і Алегу Касілу прысудзілі абмежаванне волі на адзін год кожнаму. На падставе ч. 1, ч. 2 арт. 72 КК шляхам поглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначылі 2 гады і 2 месяцы абмежавання волі без накіравання ў ВУАТ кожнаму.

Віталю Седляру прысудзілі 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Ігара Верацілу і Андрэя Паппо аштрафавалі на 80 базавых велічынь (2320 рублёў – рэд.) кожнага.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

spring96.org