Адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863 года Валеры Урублеўскі нарадзіўся 27 снежня 1836 года ў мястэчку Жалудок (цяперашні Шчучынскі раён).

Паходзіў з сям’і шляхціца Антона Урублеўскага і Разаліі з дому Юраўскіх. Бацька будучага ваяра працаваў лесніком, а потым скарбнікам у графа Тызенгаўза. У 1853 годзе Валеры Урублеўскі скончыў Віленскую гімназію, дзе вучыўся разам з братам Станіславам, і паступіў у Пецярбургскі лясны інстытут, які рыхтаваў афіцэраў ляснога ведамства і інжынераў-тапографаў. Паралельна з вучобай захапляўся і займаўся фехтаваннем і стральбой. Быў выдатным стралком. Браў удзел у дзейнасці нелегальнай арганізацыі Пецярбургу, якая была створана з землякоў. У 1861 годзе накіраваны на працу інспектарам лясной школы ў Саколку.

Яшчэ ў студэнцкія гады Урублеўскі быў добра знаёмы з Кастусём Каліноўскім і Зыгмунтам Серакоўскім, таму ў 1861-62 гадах ён актыўна ўлучыўся ў падпольную працу. Разам з Каліноўскім і Феліксам Ражанскім рыхтаваў, выдаваў і распаўсюджваў “Мужыцкую праўду” – першую ў гісторыі беларускую газету. У 1863 годзе, калі выбухнула паўстанне – начальнік штабу паўстанцаў, з жніўня – камандзір паўстанцкімі збройнымі сіламі ўсёй Гарадзенскай губерні, пазней – Люблінскага і Падляскага ваяводства. Мураўёў-вешальнік адмыслова цікавіўся паўстанцкім камандзірам Урублеўскім і нават стварыў адмысловую групу для яго вышуку.

Быў цяжка паранены ў баі 7 студзеня 1864 года з казакамі, пасечаны шаблямі. Расейцамі завочна быў засуджаны да расстрэлу. Пра яго “смерць” паведаміла газета “Glos wolny”. Аднак, насамрэч цяжка паранены Урублеўскі хаваўся. Як толькі падлячыўся, эміграваў спярша ў Галіцыю, а адтуль – у Францыю.

У Парыжы кіраваў дэмакратычнымі арганізацыямі беларуска-польскіх эмігрантаў.. Калі ў 1871 г. у Францыі адбылася рэвалюцыя і быў створаны першы ў гісторыі чалавецтва працоўны ўрад Парыжскай Камуны, як і многія суайчыннікі, актыўна падтрымаў рэвалюцыйныя памкненні. У баях паказаў сябе ўмелым і прадбачлівым палкаводцам, змагаўся на чале арміі да апошняга дня існавання Парыжскай камуны. Быў заўсёды ў першых шэрагах. Неўзабаве яму за баявыя заслугі было прысвоена званне генерала Парыжскай камуны.

У час Парыжскай Камуны Урублеўскі змагаўся да апошняга, быў прыгавораны версальцамі завочна да пакарання смерцю. Аднак з фальшывым пашпартам здолеў выехаць у Англію, дзе лячыўся ад шматлікіх раненняў, яму з цяжкасцю ўдалося пазбегнуць ампутацыі рукі.

Пазней пераехаў у Вялікабрытанію, быў у Лондане, пазней – Швайцарыі, тайна прыязджаў у Расею, жыў у Ніцы, апошнія гады ў прыгарадзе Парыжу – Уарвілі.

У Брытаніі зблізіўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам. Урублеўскі шчыра верыў у свае ідэалы, уступіўшы ў Першы Інтэрнацыянал. Некаторы час жыў у Жэневе, у 1878 годзе нелегальна прыязджаў у Адэсу і Пецярбург. Сустракаўся з народнікамі-землявольцамі. А калі французскі ўрад абвесціў амністыю, у 1885 годзе пераехаў у Францыі і пасяліўся ў Ніцы. У 1900 годзе цяжка захварэў. Апошнія восем гадоў жыў у прыгарадзе Парыжу Уарвілі ў доме былога камунара доктара Генрыка Геншынскага, цярпеў матэрыяльныя цяжкасці.

Памёр Валеры Урублеўскі 5 жніўня 1908 года. Пахаваны на парыжскіх могілках Пэр-Ляшэз каля сцяны Камунараў. У Гародні і Катавіцах (Польшча) ёсць вуліцы імя Урублеўскага. У Гародні на адным з дамоў (вуліца Урублеўскага-32) усталяваны барэльеф. На будынку былога Пецярбургскага ляснога інстытуту ўсталявана памятная шыльда. У яго гонар напісана многа вершаў. У Жалудку імя Урублеўскага мае мясцовая школа, у якой ёсць бюст земляка, а нядаўна там, у цэнтры мястэчка, з’явіўся новы памятны знак.

Барэльеф у Гародні
Памятны камень у Жалудку