Рашэньне прыняў суд Чыгуначнага раёну Гомля 29 сьнежня.

29 сьнежня ў Чыгуначным судзе Гомля прайшло судовае паседжаньне, на якім прызналі матэрыялы Праваабарончага цэнтру «Вясна» «экстрэмісцкімі».
Пра рашэньне паведаміў ТГ-канал ГУБАЗіК.
Судзьдзя — Ільля Сьвірыдаў. «Вясна» распавяла, што вядома пра яго:
- Прысуджаў штрафы і арышты гомельскім актывістам з 2008 году;
- Прызнаў хатнюю гаспадыню Марыю Тарасенку «дармаедкай»;
- Адмовіў у праве вучыцца ў школе па-беларуску .
У гэты момант у беларускіх турмах знаходзяцца 7 прадстаўнікоў «Вясны», супраць іх чыніцца палітычны перасьлед. Ужо чвэрць стагодзьдзя ПЦ «Вясна» дакумэнтуе парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Улады неаднаразова перасьледавалі праваабаронцаў як «Вясны», так і іншых арганізацыяў за іх дзейнасьць, пазбаўлялі афіцыйнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.
Падтрымаць зьняволеных «вясноўцаў» можна лістамі салідарнасьці на адрасы:
СІЗА № 1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2 (Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч, Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч, Марыя Аляксандраўна Рабкова, Андрэй Сяргеевіч Чапюк);
СІЗА № 3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Леанідавіч Судаленка,
Таццяна Леанідаўна Ласіца).