Вашай увазе рэгіянальны каляндар круглых і юбілейных датаў на першы месяц Новага году.

1 студзеня

555 гадоў таму (1467) – У Казяніцах (Мазавецкае ваяв., Польшча) нарадзіўся Жыгімонт І Стары, вялікі князь літоўскі і кароль польскі ў 1506-48 гг.

95 гадоў таму (1927) – У в. Лозкі (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Кастусь Рамановіч, удзельнік падпольнага Саюзу Вызваленьня Беларусі ў Наваградку, вязень савецкіх канцлягераў.

90 гадоў таму (1932) – У Смургонях нарадзіўся Часлаў Цыбоўскі, удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху ў Смургонях ў 1949-1950 гг. Памёр у 1978 г. у польскім г. Дзержанюў, дзе і пахаваны.

4 студзеня

105 гадоў таму (1917) – У в. Юшкі былога Віленска-Троцкага павету (цяпер на тэрыторыі Летувы). нарадзіўся Віктар Ярмалковіч, беларускі юрыст, гісторык, краязнавец, дзеяч БХД.

5 студзеня

130 гадоў таму (1892) – У в. Баброўнікі (Беласточчына) нарадзіўся Вацлаў Лукша, беларускі каталіцкі сьвятар. З 1925 г. працаваў у Ваўкавыску, з 1931 г. у Гародні. Памёр у 1962 г.

90 гадоў таму (1932) – У в. Харашкі (Дзятлаўскі р-н) нарадзіўся Фёдар Кардаш, беларускі журналіст, у 1950-ыя гг. дысідэнт, вязень савецкага канцлягеру.

10 гадоў таму (2012) – У Слоніме памёр Міхаіл Рылко, беларускі краязнавец, журналіст. Жыў і працаваў у Слоніме. Прах пахаваны ў Польшчы.

6 студзеня

160 гадоў таму (1862) – У Парэччы (Гарадзенскі р-н) была адкрытая першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі чыгуначная станцыя.

130 гадоў таму (1892) – У в. Арляняты (Смургонскі р-н) нарадзіўся Адам Станкевіч, беларускі рымска-каталіцкі сьвятар, грамадзка-культурны дзеяч, асьветнік, культуролаг, выдавец, публіцыст.

7 студзеня

Каляды (Раство Хрыстова) па юльянскім праваслаўным календары.

5 гадоў таму (2017) – У Нью Ёрку памёр Антон Шукелойць, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, дзеяч эміграцыі ў ЗША. Нараджэнец в. Якелеўшчына (Ашмянскі р-н). Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (ЗША).

8 студзеня

100 гадоў таму (1922) – У в. Круплі (Івейскі р-н) нарадзіўся Нікан Мікуліч, беларускі вайсковец паветрана-дэсантнага батальёну “Дальвіц”, вязень ГУЛАГу.

25 гадоў таму (1997) – У Кліўлендзе (штат Агаё, ЗША) памерла Іна Каханоўская (дзявочае Рытар), беларуская грамадзкая дзяячка, эмігрантка (ЗША). У час нямецкай акупацыі працавала настаўніцай у Ярэмічах (Карэліцкі р-н).

9 студзеня

275 гадоў таму (1747) – У Гародні памёр Ігнат Кульчынскі (нар. у 1707 годзе ў Гародні), уніяцкі царкоўны дзеяч, гісторык.

10 студзеня

125 гадоў таму (1897) – У мяст. Поразава (Сьвіслацкі р-н) нарадзілася Юлія Бібіла, беларуская бібліёграфка, майстарка мастацкага ткацтва.

11 студзеня

Сусветны дзень «дзякуй»

160 гадоў таму (1862) – Выйшла першая нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”, якая распаўсюджвалася на Гарадзеншчыне і ў іншых рэгіёнах.

15 студзеня

280 гадоў таму (1742) – У маёнтку Міліконт (Гадуцішская воласьць, Сьвянцянскі пав., паводле іншых зьвестак Вількамірскі пав.) нарадзіўся Францішак Нарвойш, асьветнік, багаслоў, філосаф, матэматык. Жыў і працаваў у Гародні.

95 гадоў таму (1927) – У г. Ер (Францыя) памёр Давыд Яноўскі, адзін з мацнейшых шахматыстаў сьвету канца 19-пач. 20 ст. Нараджэнец Ваўкавыску, з 23-х гадоў жыў у Францыі і ЗША.

17 студзеня

290 гадоў таму (1732) – У маёнтку Воўчын (Камянецкі р-н) нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні кароль Рэчы Паспалітай, вялікі князь літоўскі ў 1764-95 гг. У Гародні меў рэзідэнцыі – Панямонь, Станіславова, Аўгустовак.

20 студзеня

490 гадоў таму (1532) – Горад Слонім атрымаў Магдэбургскае права.

130 гадоў таму (1892) – У засьценку Мацюлішкі (Віленскі пав., цяпер Летува) нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, беларускі грамадзка-палітычны і асьветны дзеяч, мовазнавец, публіцыст, перакладнік, літаратуразнавец. Часта бываў у Гародні, быў зьняволены польскімі ўладамі ў Гарадзенскую турму з 1927 па 1930 гг.

130 гадоў таму (1892) – У в. Шакуны (Пружанскі р-н) нарадзіўся Рыгор Шырма, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, харавы дырыжор, фальклярыст, публіцыст. Пэўны час жыў у Гародні.

24 студзеня

Міжнародны дзень адукацыі

225гадоў таму (1797) – У мяст. Дзярэчын (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Цімафей Ліпінскі, гісторык, географ, філолаг, калекцыянер, краязнавец.

195 гадоў таму (1827) – У фальв. Кункулка (Лідзі пав.) нарадзіўся Аляксандар Далеўскі, адзін з ствараньнікаў Братняга зьвязу літоўскай моладзі, удзельнік вызвольнага руху.

26 студзеня

115гадоў таму (1907) – У в. Грэлікі (Вялейскі р-н) нарадзіўся Мікалай Лапіцкі, праваслаўны сьвятар, рэлігійна-грамадзкі дзеяч беларускага замежжа (ЗША). У 1934-35 гг. працаваў у Ашмяне.

27 студзеня

95 гадоў таму (1927) – У Коўне памёр Юры Матулевіч (Матулайціс), рымска-каталіцкі рэлігійны дзеяч Заходняй Беларусі і Летувы, блаславёны.

28 студзеня

425гадоў таму (1597) – Памёр Мікалай Дарагастайскі (нар. каля 1530 г.), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Меў друкарню ў Мураванай Ашмяне (Ашмянскі р-н).

310 гадоў таму (1712) – У Дзятлаве нарадзіўся Ульрык Крыштап Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, пісьменьнік.

245гадоў таму (1777) – Памёр Антон Скарульскі, рэктар Наваградзкага езуіцкага калегіюму ў 1760-64 гг.

100 гадоў таму (1922) – У в. Клімавічы (Лідзкі р-н) нарадзіўся Янка Жамойцін, беларускі грамадзкі дзеяч, публіцыст, дзеяч беларускай эміграцыі (Польшча).

40 гадоў таму (1982) – У Слоніме памерла Алена Лябецкая, дзяячка ТБШ. Нараджэнка хутара Лагуцева (Дзятлаўскі р-н). Пахавана на слонімскіх могілках па вуліцы Чырвоных партызан.

30 студзеня

355 гадоў таму (1667) – Заключэньне Андрусаўскага перамір’я паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй. Канец вайны 1654-1667 гг.

185 гадоў таму (1837) – У в. Кірклішкі (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Антон Баранцэвіч, вайсковец, палявы камандзір у паўстаньні 1863-64 гг., мемуарыст.