Палітзняволены Яўген Разнічэнка, асуджаны за інцыдэнт на выбарчым пікеце 29 траўня 2020 года ў Гродне, у нядаўнім лісце на волю расказаў крыху пра сябе:

«У мяне жыццё ідзе паціхеньку. Тры тыдні таму мяне перавялі ў іншы атрад [№ 14], вось крыху акліматызаваўся :). З добрага толькі тое, што часу стала больш і з’явіўся другі выходны, а больш і няма нічога».

Яўген верыць, што хутка выйдзе на волю, таму скончыў свой ліст словамі: «Хутка мы сустрэнемся!»

Хутка — 9 студзеня — Яўгену спаўняецца 37 год. Гэта другі Дзень народзінаў, які палітвязень адзначае за кратамі.

💌Падтрымайце палітзняволенага лістамі і паштоўкамі: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Яўгену Сяргеевічу Разнічэнку